Дваццаць два гады жыве ў Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах паэт Зніч. У свеце яго памятаюць як паэта і філосафа Алега Бембеля, за манастырскім мурам ён – манах Іаан. Ён ахвотна сустракаецца са шматлікімі паломнікамі, распаўсюджвае з іх дапамогай рэдагаваны ім багаслоўска-літаратурны лісток “Жыровіцкая абіцель”. Яго нярэдка можна пабачыць на імпрэзах у Слоніме і Мінску – як аўтара васьмі паэтычных кніг, першыя з якіх выйшлі ў Нью-Ёрку і Беластоку яшчэ за савецкім часам. З зацікаўленнем паэт-манах успрыняў і прапанову стаць госцем рубрыкі “Дыялогі”.

«Манастырскі рэжым блізкі да вайсковага»

– Брат Іаан, з чаго пачынаецца ваш манастырскі будзень?

– З малітвы. Манах павінен няспынна маліцца, увесь час, калі не спіць, прамаўляць у
сэрцы сваім Ісусаву малітву: “Госпадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй нас. Госпадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй мя грэшнага. Госпадзе Ісусе Хрысце,
Сыне Божы, памяні нябожчыкаў у Царстве Тваім”. Пад’ём у нас у 5.20 раніцы, манастырскі рэжым даволі суровы, але яго трэба па меры сіл трымацца. Паслабленні толькі для хворых і для людзей у вельмі паважным веку. 6.00 – пачатак ранішняга богаслужэння. Каля 8.00, пасля службы, – сняданак. З 9.00 да 17.00 – поўны рабочы дзень, гэтак званыя паслушанні (з перапынкам на абед). З 18.00 – вячэрняе богаслужэнне, якое доўжыцца часам да 21.00. Пасля яго правілы манашаскія – выбраныя малітвы, акафісты, вячэрнія малітвы. Насельнікі манастыра збіраюцца ў храме, чытаюць правілы, якія завяршаюцца недзе каля 22.00. Да 23.00 – келейны час, можна маліцца, чытаць кнігі. У 23.00 – адбой. Манастырскі рэжым блізкі да вайсковага. У воінстве цэсара і ў воінстве Хрыстовым прыкладна аднолькавыя рэжымы…

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з паэтам-манахам Іаанам чытайце ў газеце за 20 ліпеня