Фота з сайта reconomica.ru

Беларускія ВНУ пачалі публікаваць кошт навучання для першакурснікаў на 2018-2019 навучальны год, паведамляе БЕЛТА.

Так, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце ў 2018-2019 навучальным годзе кошт навучання на дзённай форме для першакурснікаў дасягае Br2,5 тыс. Размова ідзе аб спецыяльнасцях «музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія» і «музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура». Ніжэйшы кошт на спецыяльнасцях «выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы», «выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» — Br2 476. Студэнты першага курса спецыяльнасцей з вывучэннем замежнай мовы за год заплацяць Br2 380. Цана на іншых спецыяльнасцях складзе Br2 316.  У мінулым годзе за навучанне ў ВНУ першакурснікі плацілі ад Br2 014 да Br2 174, павелічэнне склала ад Br300 да Br326 у залежнасці ад спецыяльнасці. Кошт навучання на завочнай форме большасці спецыяльнасцей складзе Br1 040.

У Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце студэнтам, якія навучаюцца па спецыяльнасці «стаматалогія», давядзецца заплаціць Br2 827 за год. Вучоба на спецыяльнасцях «фармацыя», «лячэбная справа», «педыятрыя» будзе каштаваць Br2 420 (у 2017 годзе — Br2 200), на спецыяльнасці «медыка-прафілактычная справа» — Br2 218 (у 2017 годзе — Br2 016).

У БДЭУ год навучання на дзённым аддзяленні абыдзецца студэнту ў памеры Br2 463,6, на завочным — Br907. Дзённая форма навучання для першакурснікаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта ацэньваецца ў памеры Br2 210, завочная форма — Br820.