Каля 2 гадзінаў ночы 17 ліпеня беларускія памежнікі выявілі сьляды шынаў каля вёскі Бялюнцы Воранаўскага раёну, расказвае Памежны камітэт, і прыйшлі да высновы, што машына рухаецца ў бок літоўскай мяжы. Яны знайшлі «УАЗ» — кіроўца, пабачыўшы памежнікаў, паспрабаваў зьехаць.

Кіроўца не адрэагаваў на патрабаваньні спыніцца. Памежнікі прастрэлілі колы машыны, ды тая пэўны час яшчэ працягвала рух. Урэшце, калі машына спынілася, памежнікі затрымалі двух грамадзянаў Беларусі — выявілася, што яны везьлі 55 тысяч пачкаў цыгарэтаў беларускай вытворчасьці.

За «парушэньне памежнага рэжыму» (ч.1 арт. 23.30 КаАП) мужчынам пагражае штраф да 50 базавых велічыняў (1225 рублёў), кіроўцу таксама пагражае арышт або яшчэ адзін штраф на тую ж суму за «непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню» (арт. 23.4 КаАП). Цыгарэты могуць канфіскаваць, за незаконную перавозку (паводле ч. 6 арт. 12.27 КаАП) пагражае штраф ад 10 да 50 базавых, за перавозку празь неналежнае месца (паводле арт. 14.1 КаАП) — штраф ад 30 да 50 базавых з канфіскацыяй ня толькі тавару, але і машыны.