Фота аўтара
Фота аўтара

Вядомы беларускі трэнер і навуковы работнік ужо 14 гадоў працуе ў суседняй краіне.

Прафесар Анатоль СКРЫПКО – аўтар соцень прац, дзясяткаў кніг і патэнтаў. Раней ён быў загадчыкам кафедры фізвыхавання ў Інстытуце сучасных ведаў у Мінску, доўгі час
выкладаў на такой жа кафедры ў былым Беларускім політэхнічным інстытуце. У свой час вырашыў пераехаць у Польшчу і ні аб чым не шкадуе. Зараз ён – загадчык кафедры спартыўных гульняў Познаньскай акадэміі фізвыхавання ў горадзе Гожув-Велькапольскі.

Днямі Анатоль Дзмітрыевіч завітаў у рэдакцыю «Народнай Волі» і пачаў… з футбола.

– Паглядзеў чэмпіянат свету, які не так даўно завяршыўся, і параўнаў гульню ўдзельнікаў першынства з беларускімі футбалістамі, – кажа суразмоўца. – Што тут сказаць? Неба і зямля! А я яшчэ 20 гадоў таму прапаноўваў нашым футбольным
трэнерам свае метадычныя напрацоўкі. І, наколькі мне вядома, толькі тры спецыялісты – Міхаіл Вяргеенка, Сяргей Бароўскі і Аляксандр Башмакоў – імі зацікавіліся. Астатнія не захацелі прымаць маю канцэпцыю, таму што, напэўна, хочуць гуляць, як некалі сказаў Анатоль Байдачны, “на першынстве вадакачкі”. Відаць, гэта іх задавальняе.

– Вы прапаноўвалі выратавальную методыку для беларускага футбола?

– Калі прыслухаюцца да маіх прапаноў, то наш футбол можа выйсці на высокі ўзровень ужо праз 13–15 год. Калі коратка, то методыка такая. Найперш – паляпшэнне вучэбна-трэніровачнага працэсу, каб на працягу аднаго падрыхтоўчага сезона значна падняць у футбалістаў бегавую падрыхтоўку і спецыяльную вынослівасць. Другое – адмысловае тэсціраванне ігракоў і выкарыстоўванне спецыяльных трэнажораў, з дапамогай якіх за 3–4 месяцы можна значна павысіць фізічную падрыхтоўку і хуткасць. На чэмпіянаце свету было бачна, што сёння перамагае хуткі футбол. Француз Мбапэ паказаў хуткасць 37 кіламетраў у гадзіну. Гэта значыць, што стометроўку ён прабягаў прыкладна за 10,5 секунды. А ў нашых футбалістаў хуткасныя паказчыкі зусім слабыя. Таксама я прапаноўваю татальны адбор дзяцей у футбольныя школы. Трэба набраць 5–6 тысяч
навучэнцаў, а праз 10–15 гадоў будзем мець каля тысячы высокакласных футбалістаў, якія не будуць нічым уступаць мацнейшым еўрапейскім ігракам. Гэта дасць, дарэчы, і вялікі эканамічны эфект. Што, амаль з 10 мільёнаў чалавек нельга знайсці некалькі
таленавітых футбалістаў?..

Поўны тэкст размовы з Анатолем Скрыпко чытайце ў газеце “Народная Воля” за 20 ліпеня 2018 года