Фота з сайта TUT.BY
Фота з сайта TUT.BY

Экс-міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Ежаль, які працаваў амбасадарам Украіны ў Беларусі і якога ўкраінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць у злоўжываньні ўладаю і службовым становішчам, жыве зь сям’ёй у Мінску і мае статус уцекача.

Як вынікае з судовага рашэньня, менавіта на гэтай падставе праваахоўныя органы Ўкраіны атрымалі дазвол на выкарыстаньне працэдуры спэцыяльнага (завочнага) дасудовага расьсьледаваньня ў дачыненьні Міхаіла Ежаля.

Ухвальваючы адпаведнае рашэньне, суд спаслаўся на даведку Галоўнага ўпраўленьня вайсковай контравыведкі ад 16 траўня 2017 года аб тым, што Міхаілу Ежалю «ў Рэспубліцы Беларусь дадзены статус уцекача, і, паводле апэратыўных дадзеных, ён пражывае зь сям’ёй у Менску, дзе арэндуе кватэру».

Міхаіла Ежаля абвінавачваюць у неправамерным выкарыстаньні на працягу 2011-2012 гадоў амаль 43 мільёнаў грыўняў зь дзяржаўнага бюджэту на аплату паслуг прыватных кампаній па харчаваньні асабістага складу Ўзброеных сіл Украіны. На той момант гэта складала каля 5,5 мільёна даляраў у эквіваленце.

Апошні раз Міхаіл Ежаль прыяжджаў ва Ўкраіну ў жніўні 2014 году і на допыце не прызнаў сваёй віны. У той жа час невядома, ці зьвярталіся ўлады Ўкраіны да Беларусі з просьбай аб выдачы былога чыноўніка.

Міхаіл Ежаль займаў пасаду кіраўніка Мінабароны Ўкраіны з сакавіка 2010 году па люты 2012-га. У красавіку 2013 году тагачасны прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч прызначыў Ежаля паслом у Беларусі.

У жніўні 2014-га генпракурор Украіны Віталь Ярэма заявіў, што супраць Ежаля распачаты шэраг крымінальных спраў.

У канцы красавіка 2015 году Ежаля адклікаў зь Менску цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, а ў траўні яго звольнілі з займанай пасады.