Фото с сайта d.infox.ru

Беларускі футбольны спецыяліст Анатоль Байдачны прызнаўся, што яму цяжка пераключыцца на нацыянальнае першынство пасля чэмпіянату свету ў Расіі. У праграме “Двайны дрыблінг” на YouTube ён разам з Уладзімірам Курневым падвёў вынікі мундыялю. Байдачны сумуе па класных матчах, якія дэманстравалі лепшыя зборныя свету.

“А пасля як уявіў, што трэба будзе хадзіць на стадыён і глядзець мясцовы чэмпіянат, мяне ахапіў жах, — кажа Анатоль Байдачны. — Пасля ўсяго гэтага спектаклю, пасля ўсёй гэтай феерыі фінтоў, феерыі ўдараў… Калі ўсё гэта заканчваецца, не ведаеш, што рабіць”.

Анатолю Байдачнаму 65 гадоў. Ён — ураджэнец Масквы, вядомы савецкі і беларускі футбаліст 1970-х (выступаў за маскоўскае, а пасля за мінскае “Дынама”). Пасля цяжкай траўмы скончыў кар’еру гульца, у 1980-м стаў трэнерам. Апошнім яго клубам быў “Растоў” (быў звольнены ў 2012 годзе). У 2003-2005 гадах Байдачны быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі.