Магілёвец прымусіў “рабоў” збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

115

Трымаў “рабоў” у хлявах, патрабаваў грошы за іх свабоду, пагражаў ім і іх сваякам, прымушаў прасіць міласціну, а ўсе грошы забіраў сабе. Пакуль што падазраваны ў гэтых злачынстве 24-гадовы жыхар Магілёва абвінавачваецца толькі ў вымагальніцтве. Даказаць астатняе складана — запалоханыя людзі не хочуць размаўляць…

“Дома ў пацярпелага знайшлі цэлую банку дробязі — прыкладна сто рублёў. А яшчэ плакат з заклікамі аб дапамозе дзіцяці і інвалідныя каляскі, — каментуе Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — Адкуль столькі дробных грошай? Навошта ўсё гэта? Пакуль мужчына абвінавачваецца толькі ў вымагальніцтве. Праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні асоб, якіх ён мог прымушаць на сябе працаваць”.
Магілёвец прымусіў "рабоў" збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

Усё гэта працягвалася каля паўгода. Па словах аператыўнікаў, спосабы жабравання мяняліся: хтосьці збіраў грошы на лячэнне хворых дзяцей, хтосьці прасіў міласціну для сябе — у інваліднай калясцы. Геаграфія злачынстваў шырокая: не толькі Магілёў, але і Мінск, Гомель, Барысаў.

“Рабоў” магілёвец расстаўляў каля буйных гандлёвых цэнтраў, цэркваў, падземных пераходаў. Кожны дзень міласціну прасілі два-тры чалавекі. За дзень яны збіралі да ста рублёў.

Магілёвец прымусіў "рабоў" збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

Афіцыйна грошы для хворай дзяўчыны з плаката збіралі толькі праз інтэрнэт

З плаката, знойдзенага ў гаспадара рабоў, на нас глядзіць дзяўчынка. Гэта Ліза Дунчык. Як яе фота трапіла да зламысніка? У Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Еўрарадыё пацвердзілі, што сям’я Дунчык сапраўды мела патрэбу ў дапамозе. Але было гэта ў 2011 годзе, а грошы для дзяўчынкі збіралі толькі праз інтэрнэт.

“У 2011 годзе грошы пералічваліся на рахунак, які быў адкрыты ў нашай арганізацыі. Сабраць на апарат нам не ўдалося, — узгадвае старшыня Лунінецкай гарадской арганізацыі ГА “БелАДДІіМІ” Васіль Ярмольчык. — Інфармацыя пра Лізу была толькі на сайце, але яе ўжо, хутчэй за ўсё, выдалілі за тэрмінам даўнасці. Таму тое, што плакат знялі з якой-небудзь сцяны, нерэальна”.

Магілёвец прымусіў "рабоў" збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

Цяпер Лізе 22 гады. Яна адчувае сябе нармальна. Афіцыйна грошы для яе ніхто не збірае. А адзінае, у чым яна мае патрэбу, — блэндэр. Дзяўчыне неабходнае здробленае харчаванне, а стары блэндэр зламаўся.

“Жанчын затрымалі пад крамай. Я пацвердзіў, што дазволіў збіраць грошы”

Бацька Лізы Віталь Дунчык распавядае Еўрарадыё іншую гісторыю:

“У 2011 годзе, пасля, таго як у інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра нашу праблему, са мной звязалася жанчына, прадставілася Марынай, сказала, што хоча дапамагчы збіраць грошы па баптысцкай лініі, папрасіла копію фатаграфіі Лізы з пасведчання. Я даслаў. Некалькі разоў паштовым пераводам атрымліваў па 100-200 тысяч на старыя грошы. Потым тэлефанавала яшчэ адна жанчына, сказала, што ад Марыны. Прасіла выслаць пасведчанне або яго копію, я сказаў, што нічога высылаць не буду.

Магілёвец прымусіў "рабоў" збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

Магілёвец прымусіў "рабоў" збіраць міласціну, прыкрываючыся рэальнай дзяўчынай

Яшчэ неяк тэлефанавалі, не памятаю, з Магілёва ці Гомеля, сказалі, што жанчын затрымалі пад крамай. Папрасілі пацвердзіць, што я даваў дазвол на збор грошай. Я пацвердзіў. Там нагадалі, што збіраць грошы можна выключна афіцыйна, праз арганізацыю. Пасля гэтага сувязь перарвалася. Ніякіх грошай я больш не атрымліваў”.

Васіль Ярмольчык кажа, што часта бачыць каля крам і цэркваў людзей з плакатамі, якія збіраюць грошы на аперацыі.

“Я заўсёды ўважліва чытаю, пра каго там ідзе гаворка. Яшчэ ні разу не заўважаў, каб хтосьці стаяў з просьбай дапамагчы нашым падапечным. Наогул, трэба разумець, што людзі, якія стаяць ля крам, ніколі ў жыцці не назбіраюць па капейчыне на дарагое лячэнне. Хутчэй за ўсё, усе сабраныя грошы пойдуць на іншыя мэты”.

Цалкам магчыма, што плакатам з фатаграфіяй Лізы Дунчык ўжо некалькі гадоў падманваюць чуллівых людзей. Ці маюць памочницы з 2011 года дачыненне да гісторыі з магілеўчанінам, падазраваным у эксплуатацыі людзей, пакуль незразумела.

Поделиться ссылкой: