Архіўнае фота. Вайскоўцы памежных ведамстваў Украіны і Беларусі паціскаюць адзін аднаму рукі падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця першага памежнага знаку на ўкраінска-беларускай мяжы ў раёне міжнароднага пункту пропуску Сенькаўка, Чарнігаўская вобласьць, 13 лістапада 2013 году
Архіўнае фота. Вайскоўцы памежных ведамстваў Украіны і Беларусі паціскаюць адзін аднаму рукі падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцьця першага памежнага знаку на ўкраінска-беларускай мяжы ў раёне міжнароднага пункту пропуску Сенькаўка, Чарнігаўская вобласьць, 13 лістапада 2013 году

Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы адстае ад папярэдніх плянаў, амаль на два гады яе прыпынілі пратэсты сялян у Валынскай вобласьці. Але цяпер бакі знайшлі кампраміс, у выніку якога Беларусь атрымае дзясяткі гектараў на спрэчных памежных тэрыторыях.

28 красавіка 2017 году Аляксандар Лукашэнка ды Пятро Парашэнка дамовіліся завяршыць дэмаркацыю мяжы Беларусі і Ўкраіны.

Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Пятро Парашэнка, архіўнае фота

«Гэта стане дадатковым фактарам узмацненьня бясьпекі дзьвюх краін», — сказаў тады Пятро Парашэнка. Плянавалася, што ў 2020 годзе Беларусь і Ўкраіна змогуць выйсьці на падпісаньне дамовы аб рэжыме дзяржаўнай мяжы, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў памежных пытаньнях.

Але толькі сёлета ў чэрвені бакі змаглі зацьвердзіць пэрспэктыўны плян дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на 2018-2026 гады. Згодна зь ім, налета плянуецца пачаць вызначэньне межаў у чарнобыльскай зоне адчужэньня. Фінансаваць некаторыя дэмаркацыйныя работы на мяжы Беларусі і Ўкраіны будзе Эўразьвяз.

Жыроўскі канал стане беларускім

На спрэчным участку беларуска-ўкраінскай мяжы між Валынскай ды Берасьцейскай абласьцямі сёлета ўжо паставілі папераджальныя інфармацыйныя знакі і неўзабаве маюць аднавіцца дэмаркацыйныя работы, спыненыя два гады таму з прычыны пратэстаў жыхароў памежных украінскіх тэрыторый.

Спрэчная тэрыторыя на беларуска-ўкраінскай мяжы
Спрэчная тэрыторыя на беларуска-ўкраінскай мяжы

Жыхары вёскі Ветлы Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці ў траўні 2016 году спрабавалі адстаяць Жыроўскі канал, які, згодна з дамовай пра дзяржаўную мяжу, належыць Беларусі. Яны перакрылі дарогу і заблякавалі дэмаркацыйныя работы беларускага боку, які на той час пасьпеў ачысьціць прасеку ўздоўж лініі дзяржаўнай мяжы на тэрыторыі Горкаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну.

Мясцовыя ўлады падтрымалі сваіх грамадзян — зь іхнай ініцыятывы былі запытаныя ўсе дакумэнты з абласнога ды кіеўскага архіваў, датычныя вызначэньня межаў між Беларусьсю ды Ўкраінаю, каб абласныя ўлады спрыялі перагляду лініі мяжы на больш высокім узроўні. Але адпаведная камісія пацьвердзіла: усе дзеяньні беларускага боку законныя.

«Ужо паставілі дэмаркацыйныя знакі. Камісія адказала, што ўсё адбываецца ў межах заканадаўства і ніякага захопу тэрыторыі няма», — сказаў Свабодзе сакратар Ветлаўскай сельскай рады Любяшоўскага раёну Валынскай вобласьці Ўладзімер Дышко.

У той жа час ён ня змог удакладніць плошчу тэрыторыі, якая адыходзіць Беларусі: «Дадзеныя Дзяржкадастру нам не перадалі, але фактычнай магчымасьці перагледзець межы больш няма». (Раней мясцовыя жыхары казалі пра больш як 50 гектараў зямлі. — РС).

Сяляне чакаюць кампэнсацый

У межах дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы плянуецца перадача Беларусі значнай колькасьці зямельных участкаў, у тым ліку лясных масіваў, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі яшчэ адной памежнай зь Беларусьсю вобласьцю — Жытомірскай. Абласныя ўлады прызнаюць, што ў гэтым таксама паўстаюць праблемныя пытаньні і вымушаны іх пэрыядычна абмяркоўваюць на ўзроўні адпаведнай абласной працоўнай групы.

Найперш гэта тычыцца Алеўскага (укр. Олевський) і Оўруцкага (укр. Овруцький) раёнаў — яны мяжуюць зь Лельчыцкім і Ельскім раёнамі Гомельшчыны. Цяперашнія цэнтры гэтых раёнаў у свой час уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Але кіраўнікі абодвух гэтых раёнаў падкрэсьліваюць: гаворкі аб аднабаковай перадачы Беларусі ўкраінскай тэрыторыі няма — усё робіцца на парытэтных умовах.

Дзьмітро Лазарэнка
Дзьмітро Лазарэнка

«Ёсьць дамова аб дзяржаўнай мяжы між Беларусьсю і Ўкраінай, падпісаная ў 1997 годзе. Менавіта на яе падставе ажыцьцяўляецца ўвесь працэс. Былі ўзгодненыя між дзяржавамі зямельныя ўчасткі — перадача ўкраінскіх на карысьць Беларусі, а таксама беларускіх — Украіне. Гаворка ідзе пра раўназначны абмен. І рашэньне аб гэтым ухвалена на ўзроўні дзяржавы, на ўзроўні Кабінэту міністраў, узгоднена зь Вярхоўнаю Радаю, таму гэта досыць даўні працэс, і пытаньні гэтыя ўжо вырашаюцца», — падкрэсьліў у інтэрвію Свабодзе старшыня Алеўскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Дзьмітро Лазарэнка.

Паводле яго, на памежжы ў Алеўскім раёне таксама паўсюль ужо стаяць адпаведныя знакі, якія папярэднічаюць пачатку дэмаркацыйных работ. Дзьмітро Лазарэнка сьцьвярджае, што мясцовыя жыхары з разуменьнем паставіліся да гэтага працэсу.

«Інфармацыя ня ўчорашняя. Тлумачальная праца зь мясцовымі жыхарамі вялася і праводзіцца па сёньня. Праблем ніякіх няма, прынамсі, я ня бачу крытычных момантаў. У першую чаргу — гэта агульнадзяржаўная справа, і тут ёсьць пэўныя аргумэнты, якія можна выкарыстаць», — дадаў ён.

У сваю чаргу старшыня Оўруцкай раённай дзяржаўнай адміністрацыі Юры Дывінскі (укр. Дивинський) назваў галоўную праблему — пытаньне кампэнсацыі за перададзеныя землі:

Старшыня Оўруцкай адміністрацыі Юры Дывынскі віншуе памежнікаў з прафэсійным сьвятам
Старшыня Оўруцкай адміністрацыі Юры Дывынскі віншуе памежнікаў з прафэсійным сьвятам

«Сапраўды, у нас ёсьць лясныя масівы, якія адыходзяць Беларусі. І гэтыя лясы належаць аграпрамысловаму комплексу. Умоўна кажучы, ёсьць, напрыклад, 20 гектараў лесу, і трэба рабіць памежную паласу. Што рабіць — уласьнік мае яго высякаць і другі бок мае кампэнсаваць выдаткі? Але ня толькі ў гэтым праблема. У нас ёсьць такія зямельныя ўчасткі, якія распаяваныя паміж людзьмі, але таксама мусяць быць перададзеныя Беларусі. Трэба ўхваліць рашэньне з гэтымі грамадзянамі — яны ж аформілі пай, працавалі на гэтай зямлі. Што зь імі рабіць? Або трэба выдзяляць ім іншую зямлю, калі яны пагодзяцца, або мусіць быць нейкая кампэнсацыя. Ёсьць і такія выпадкі, калі пасьля правядзеньня дэмаркацыйнай лініі частка зямлі застаецца ва Ўкраіне, а другая пераходзіць да Беларусі. Гэта вельмі балючае пытаньне, але яго можна вырашыць на двухбаковым узроўні. Ёсьць камісія, якая гэтым займаецца, ёсьць адказныя людзі, якія гэтым апякуюцца, — трэба разьвязаць гэтыя пытаньні».

Межы на вадзе таксама ўзгодненыя

Некалькі гадоў таму праз істотную зьмену рэчышча Дняпра Ўкраіна ледзь ня страціла частку сваёй тэрыторыі ў Чарнігаўскай вобласьці. Тады мясцовыя ўлады, занепакоеныя тым, што тэрыторыя можа адысьці Беларусі, вымушаныя былі тэрмінова ўмацоўваць бераг ракі і будаваць дамбу.

Камэнтуючы тую сытуацыю, памежнікі Беларусі і Ўкраіны заявілі, што «нявырашаных пытаньняў, зьвязаных з праходжаньнем беларуска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы, у тым ліку зьвязаных з натуральнымі зьменамі рэчышчаў, цяпер няма».

Дзяржаўная мяжа паміж Беларусьсю і Ўкраінай складае 1084,2 км, зь іх 758,3 км — на сухапутным участку, 325,9 км — на водным участку (па рэках Дняпро, Сож і Прыпяць) і каля 120 км па зоне адчужэньня каля Чарнобыльскай АЭС. Прылеглая да дзяржаўнай мяжы тэрыторыя цяжкапраходная, вялікія плошчы пакрытыя густымі лясамі, балотамі, невялікімі азёрамі і разгалінаванай сеткай мэліярацыйных каналаў, большая частка зь якіх даўно не працуе.