Міхась Мушынскі. Фота Ігара Кузняцова

Сёлета 8 чэрвеня пайшоў у іншы свет Міхась Мушынскі, выдатны вучоны, даследчык айчыннай літаратуры, найлепшы ў краіне знаўца творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Міхася Зарэцкага.

Чаму паэт Уладзімір Дубоўка з захапленнем пісаў пра яго манаграфію?

За што яго ўхвалялі Васіль Быкаў і Янка Брыль?

З якой мэтай прыйшоў навуковец да Івана Антановіча?

Пра гэта “Народнай Волі” распавядае дачка Міхася Іосіфавіча, пісьменніца Таццяна Мушынская.

Пісаць пра ўласнага бацьку і проста, і складана. Проста, бо сабралася безліч уражанняў за дзесяцігоддзі амаль штодзённых стасункаў. Складана за побытавымі дэталямі, асобнымі сказамі не згубіць сутнасць, убачыць маштаб. Нават пералік ягоных “тытулаў” і праяў грамадскага прызнання ўражвае. Член-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Пэўны час – старшыня Экспертнага савета ВАК па філалогіі. Па сутнасці, стваральнік навуковай школы, звязанай з тэксталогіяй і выданнямі класікаў. Ён заўжды меў высокі аўтарытэт і бездакорную навуковую рэпутацыю.

Бацька пражыў доўгае па цяперашніх мерках жыццё – 87 гадоў, паспеў за гэты час неверагодна многа – хапіла б на біяграфіі некалькі значных асоб. Але заўжды хочацца, каб дарагія людзі жылі доўга, а мо вечна. Маіх успамінаў пра яго хапіла калі б не на раман, дык на аповесць дакладна. Але цяпер толькі асобныя штрыхі, якія абмалёўваюць характар і рэаліі жыцця Міхася Мушынскага і якія наўрад ці ведае шырокі чытач.

Лес, суніцы і сала

Першыя восем гадоў сумеснага жыцця бацькі пражылі на Грушаўцы, у звычайнай вясковай хаце. Па-руску яе называлі “времянкой”. Мелісяь ў тым доме два пакойчыкі вакол немаленькай печкі. Ваду трэба было насіць з калонкі, прыбіральня- “шпакоўня” на вуліцы. Там нарадзіліся я і малодшы брат.

У 1964-м сям’я атрымала кватэру ў Зялёным Лузе. У паўпустой прасторы не хапала неабходнай мэблі. Тым не менш бацькі купілі піяніна, каб дачка займалася музыкай, і выплачвалі яго ў растэрміноўку. Быццам прадбачылі, што з музыкай будзе звязана ўсё маё наступнае жыццё.

За сучаснай вуліцай Сядых было невялічкае балотца. Далей калгаснае поле, дзе сеялі пшаніцу і кукурузу. Ля самага лесу – хаты вёскі Падбалоцце. Цяпер на тым месцы вуліцы Карбышава і Цікоцкага, шматпавярховікі Зялёнага Лугу-5. За вёскай пачынаўся лес. Не прыгарадная зона, а сапраўдны лес. Бацька часта тымі сцежкамі хадзіў. І сам, і мы разам з ім. Лес заўжды быў для яго, чалавека, які нарадзіўся ў вёсцы і ўнутрана, па сутнасці ніколі не адрываўся ад зямлі і здаровай сялянскай псіхалогіі, чымсьці асаблівым. Велізарныя гонкія сосны, смолкі дух, цішыня – усё гэта гаючая прастора, месца шматгадзінных прагулак. Шукалі суніцы і чарніцы, гойдаліся на гамаку. Збіралі сухое галлё, раскладвалі вогнішча, пяклі бульбу. Бацька на агні смажыў скрылёчкі сала. Зімой неаднойчы ганялі з ім у лесе на лыжах. Унутры сям’і заўжды было цёпла і радасна…

Згадкі пра бацьку Таццяны Мушынскай чытайце ў газеце «Народная Воля» за 29 чэрвеня