Леанід Кулакоў

Падчас варты абаронцаў Курапатаў ля рэстарацыі «Поедем, пеоедим» на актывіста Леаніда Кулакова наехала машына, яго забралі ў шпіталь на «хуткай».

Акалічнасці здарэння belsat.eu распавёў рэжысёр Аляксей Туровіч, які ў момант наезду знаходзіўся побач.

«Дзве жанчыны ехалі да брамы рэстарацыі, не спыняючыся. Мы пачалі прытрымліваць машыну, нага Леаніда трапіла пад кола, ён упаў, але машына працягвала рухацца. Калі я крыкнуў »Спыніцеся!«, дзяўчыны далі задні ход, развярнуліся і з’ехалі ў бок запраўкі», – кажа відавочца.

Абаронцы выклікалі ДАІ, праз 10 хвілін падʼехала «хуткая дапамога».

«Яны аказалі першую дапамогу Кулакову і завезлі ў аддзяленне траўматалогіі ў 6-ы шпіталь. У яго амаль уся левая рука сіняя, вялікая гематома, павысіўся ціск, бо ён знерваваўся», – гаворыць Туровіч.

Кулакову зрабілі рэнтгенаўскі здымак, выявіўся закрыты пералом левай рукі.

Паводле словаў Туровіча, міліцыя склала пратакол у дачыненні да кіроўцы машыны.

Нагадаем, абарона Курапатаў сёлета трывае з пачатку чэрвеня. Ужо амаль месяц актывісты стаяць ля брамы рэстарацыі «Поедем, поедим» і патрабуюць закрыцця, бо літаральна за 50 метраў ад забаўляльнай установы знаходзіцца месца сталінскіх расстрэлаў.