Пракурор запатрабаваў для бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе БЕЛТА з залі суда Фрунзенскага раёну Менску.

Дзяржабвінаваўца запатрабаваў для Аляксандра Кныровіча 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Хто такі Аляксандар Кныровіч і ў чым яго абвінавачваюць

КДБ арыштавала бізнэсоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ («Амэрыканцы»). Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманьні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасьці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».

Кныровіч у судзе прызнаў віну часткова: паводле абвінавачаньня ў нявыплаце падаткаў Кныровіч сказаў, што «ня згодны з мэтодыкай разьлікаў» і з тым, як сьледчыя вызначылі пэрыяды заніжэньня сумы падаткаў. Падсудны дапусьціў, што магла закрасьціся памылка больш як на 60 тысяч рублёў. Таксама, паводле Аляксандра Кныровіча, у яго не было намеру ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Усяго, паводле сьледзтва, з 2008 году кампанія Кныровіча не сплаціла падаткаў больш як на 3,3 мільёна беларускіх рублёў.

Амаль год таму ягоны бацька Станіслаў Крыровіч казаў, што сын не прызнае сябе вінаватым. Некаторыя беларускія прадпрымальнікі не паверылі ў вінаватасьць Аляксандра Кныровіча і зладзілі кампанію салідарнасьці #злодзей_не_кныровіч, параўноўвалі справу Кныровіча са «справай патрыётаў».

Пракурор запатрабаваў для бізнэсоўца Кныровіча 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму
Аляксандар Кныровіч (справа за кратамі) разам зь іншымі падсуднымі па справе

Разам з Кныровічам судзіць таксама будуць чатырох адказных супрацоўнікаў кампаніі «СарматТэрма-Інжынірынг» (гэта Ўладзімер Дашкевіч, Ігар Максімаў, Яўген Папоўскі і Андрэй Кускоў), якая ўваходзіць у холдынг, і, паводле сьледзтва, кантралюецца Кныровічам. За атрыманьне хабару ад кампаніі Кныровіча ў Берасьці ў студзені асудзілі двух чалавек.

Паводле зьвестак КДБ, хабар перадаваўся кіраўнікам сыстэмы ЖКГ за судзеяньне ў бізнэсе, але Станіслаў Кныровіч казаў, што гэта прадпрыемствы ЖКГ былі вінаватыя кампаніі ягонага сына 1,5 мільёна даляраў.

У сваім блогу Кныровіч крытычна выказваўся наконт разьвіцьця эканомікі Беларусі. За ягоны матэрыял з крытыкай спосабаў сьвяткаваньня Дня Перамогі быў часова заблякаваны рэсурс Kyky.org. Кныровіч займаўся ня толькі разьвіцьцём уласнага бізнэсу, але таксама інвэставаў у іншыя праекты, у ліку якіх была перадача «Мой бізнэс» на дзяржаўным тэлеканале АНТ.