Міхаіл Бабіч. Фота з сайта marimedia.ru

Названае прозвішча чарговага кандыдата на пасаду пасла Расіі ў Беларусі. Крыніцы ў Маскве, «знаёмыя з сітуацыяй», сцвярджаюць, што гэта Міхаіл Бабіч, упаўнаважаны прадстаўнік прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай феждэральнай акрузе, інфармуе сайт ria.ru.

Бабічу не збіраюцца працягваць знаходжанне на пасадзе ўпаўнаважанага прадстаўніка і разглядаюць варыянт з дыпламатычнай працай.

Міхаілу Бабічу 49 гадоў. Ён — ураджэнец Разані. Кандыдат эканамічных навук. Вядома, што ў 1986-1995 гадах ён служыў у Паветрана-дэсантных войсках і ў войсках КДБ СССР. У 1990-м ён скончыў Разанскую вышэйшую ваенную камандную вучэльню сувязі, а ў 2005-м — факультэт перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Ваеннай акадэміі Генштабу Узброеных сіл РФ.

У канцы 1990-х Бабіч займаўся бізнесам, а пасля перайшоў на дзяржслужбу. Упаўнаважаным прадстаўніком прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай феждэральнай акрузе з’яўляецца з 2011 года. Летам 2016-га Масква збіралася яго адправіць паслом ва Украіну, але Кіеў яго кандыдатуру не ўзгадніў. Украінскі бок спасылаўся на тое, што Бабіч быў членам Саўбеза Расіі, падтрымліваў рашэнне па Крыме ў 2014-м, служыў у КДБ, а пасля — у ФСБ, кіраваў чачэнскім прарасійскім урадам падчас вайны ў гэтым рэгіёне. Некаторыя ўкраінскія эксперты назвалі яго «прафесійным дыверсантам».

Нядаўна кандыдатам на пасаду расійскага пасла ў Беларусі называўся Уладзіслаў Суркоў, але гэтая інфармацыя не пацвердзілася. Амбасадар Аляксандр Сурыкаў працуе ў нашай краіне ўжо 11-ы год.