На справаздачна-выбарным зьезьдзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заплянаваным на 8 ліпеня, будзе ўжо ня тры, а чатыры кандыдаты на пасаду партыйнага старшыні.

Да Мікалая Казлова, Ганны Канапацкай і Васіля Палякова нечакана далучыўся і цяперашні партыйны лідэр Анатоль Лябедзька, які раней неаднаразова заяўляў, што гэтым разам вылучацца ня будзе.

Паведамленьне пра гэта зьявілася на афіцыйным партыйным сайце.

У офісе АГП Свабодзе спраўдзілі гэтую інфармацыю. Тут паведамілі, што ўвечары 27 чэрвеня Лябедзька вяртаецца з Брусэлю, дзе ён цяпер удзельнічае ў сэсіі «Еўранэсту».

Чатыры кандыдаты правядуць тэледэбаты на канале «Белсат». Будуць запісаныя чатыры тэматычныя перадачы. Весьці дэбаты зьбіраюцца Павал Мажэйка і Глеб Лабадзенка.

Анатоль Лябедзька нязьменна ачольвае АГП з 2000 году. У партыйным статуце няма абмежаваньняў на колькасьць тэрмінаў кіраваньня партыяй адной і той жа асобай.