Паўфіналісту папулярнага ўкраінскага тэлешоў “Голас краіны”, беларускаму спеваку Міхаілу Сасунову (Michael Soul) забаранілі ўезд ва Украіну.

Пра гэта хлопец распавёў у instagram, паведамляе Еўрарадыё.

“Паважаныя падпісчыкі. Здымаю, напэўна, самую жахлівую відэа-гісторыю ў сваім жыцці. Але як ёсць. Мне паставілі поўную забарону ўезду ва Украіну на тры гады. Таму мае выбачэнні перад усімі. Я цяпер на мяжы, таму што мяне высадзілі. Гэта жахліва. Мае выступы ў Кіеве і Адзесе адмяняюцца. Я вас вельмі люблю”, — ледзьве не плачучы расказвае Сасуноў. Прычыну адмовы хлопец не тлумачыць.

Міхаіл Сасуноў — адзін з самых цікавых маладых поп-выканаўцаў на беларускай сцэне. У 2016 годзе ў складзе дуэту “The Em” стаў фіналістам нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне”. Як бэк-вакаліст ездзіў на “Еўрабачанне” у Кіеў з Naviband.

Яго выступ падчас сляпых праслухоўванняў у апошнім сезоне “Голаса краіны” выклікаў фурор. Да беларуса павярнуліся ўсе чатыры трэнеры. У якасці трэнера ён абраў Ціну Караль.

Летась у падобную сітуацыю трапіў яшчэ адзін беларускі артыст — Макс Корж. Каржу таксама адмовілі ва ўездзе ва Украіну нібыта з-за яго былых выступаў у Крыме. Аднак музыка напісаў заяву ў пэўныя інстытуцыі, і забарона была знятая.