Зінаіда Тарасевіч

Здзек? Цынізм? Непрыхаванае нахабства?

Мінчанка Зінаіда Тарасевіч не можа знайсці слова, каб ахарактарызаваць адказы, якія яна атрымала ад старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай і старшыні Мінскага раённага выканкама Івана Крупко.

Пра трагічную і адначасова паказальную для нашай рэчаіснасці гісторыю Зінаіды Антонаўны Тарасевіч “Народная Воля” ўжо расказвала. Увесь род Зінаіды Тарасевіч па
матчынай лініі быў вынішчаны сталінскімі рэпрэсіямі. Вялікую сям’ю яе бабулі Анастасіі Зенчык разам з васьмю дзецьмі, маленькай унучкай і нявесткай бальшавікі забралі ноччу з 3 на 4 сакавіка 1930 года і як ворагаў народа саслалі ў Архангельскую вобласць. Хату, якую Зенчыкі толькі пабудавалі і на будоўлі якой загінуў дзядуля Зінаіды Антонаўны, савецкая ўлада канфіскавала. Адной з дачок – Таццяне – на той момант было 17 год. І яна адзіная з Зенчыкаў, хто выжыў у сталінскім лагеры, – к
1937 году ўсе яе родныя памерлі ад холаду, голаду, непасільнай працы і здзекаў НКВД. Таццяна вельмі хацела нарадзіць дзіця, каб было каму расказаць пра свой вынішчаны бальшавікамі род. У 1937 годзе ў Таццяны і сасланага Антона Тарасевіча, які таксама паходзіў з Беларусі, нарадзілася дачушка Зіна. “З’явілася на свет пад
елкай, – уздыхае Зінаіда Антонаўна, – бо радзільных дамоў на катарзе не было. Так, на збочыне жыцця, улады і дагэтуль імкнуцца пакінуць такіх, як я”.

Амаль 30 гадоў Зінаіда Антонаўна змагаецца за права жыць у хаце, пабудаванай яе
продкамі. Гэта проста цуд, але хата Зенчыкаў 1930 года пабудовы, з якой у адну ноч забралі і вывезлі ўсю сям’ю, і па сёння захавалася і стаіць на тым жа самым месцы ў вёсцы пад Мінскам.

Як так сталася, што Зінаіда Антонаўна нават не можа пераступіць парог гэтай хаты?

Справа ў тым, што пасля Вялікай Айчыннай вайны Антону Тарасевічу, які гераічна ваяваў на фронце, дазволілі вярнуцца на радзіму, у Беларусь, і забраць з ГУЛАГа сям’ю. Тарасевічам даў прытулак адзіны не сасланы на катаргу і ацалелы брат Антона Мікалай Міхайлавіч Тарасевіч. У 12-метровым бараку на вуліцы Шчорса ў Мінску месціліся пяць чалавек. І ў той жа час у роднай вёсцы Таццяны Зенчык-Тарасевіч
стаяла пабудаваная яе бацькамі хата! Праўда, не пустая. Савецкая ўлада хуценька знайшла капітальнай пабудове прызначэнне. Дом падзялілі на дзве часткі: у адной размясцілі школу, у другой пасялілася настаўніца. Яна, дарэчы, не дазволіла Таццяне Тарасевіч нават зайсці ў бацькоўскую хату!

Зінаіда Антонаўна ўспамінае, што маці колькі жыла, столькі хадзіла па розных інстанцыях, звярталася і ў сельсавет, і ў КДБ, прасіла, каб ёй вярнулі маёмасць. Аднак у адказ чула толькі “Не положено”. “Напрыканцы 1980-х мама прасіла, каб хоць дазволілі памерці ў роднай хаце, – расказвала Зінаіда Антонаўна. – Але ж ізноў ёй адмовілі. Паміраючы, яна дала мне наказ: “Вярні хату. Забяры яе ў бандытаў”.

З 1992 года Зінаіда Антонаўна пачала змаганне за сваю сямейную спадчыну…

Поўны тэкст артыкула Марыі Эйсмант пад рубрыкай «Дзікунства» чытайце ў газеце «Народная Воля» за 22 чэрвеня