Фота
Фота "Беларусьфільм"

Беларускі фільм «Тум-Пабі-Дум» удастоены спецпрыза журы кінафестывалю краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела маркетынгу, рэалізацыі і рэкламы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый Ігруша.

Фільм рэжысёра Вячаслава Нікіфарава «Тум-Пабі-Дум» і яшчэ 4 работы беларускіх кінематаграфістаў («Рыжык у Залюстроўі» Алены Туравай, «Сляды на вадзе» рэжысёра Аляксандра Анісімава, «Масакра» Андрэя Кудзіненкі і «Салодкае развітанне Веры» Аляксандры Бутар) глядач прыняў з вялікай цікавасцю. Спецыяльнымі ўзнагародамі журы фестывалю акрамя карціны «Тум-Пабі-Дум» адзначаны таксама фільм «Паветраны Сафар» (Таджыкістан), работа з Ірана «Русалка», рамантычная камедыя «Пенджаб Нахі Яунгі» (Пакістан) і ўзбекская стужка «Дарога пад нябёсамі».

«Тум-Пабі-Дум» — добрая і цёплая стужка для сямейнага прагляду выйшла ў 2017 годзе. Па сюжэце выхаванец дзіцячага дома Санёк (Арцём Венгяровіч) вырашае знайсці бацькоў для сябе і сваёй падапечнай Алесі (Даша Кірэева). Хлопчык вымушаны іграць па дарослых законах, што ў выніку ставіць яго перад сур’ёзным маральным выбарам. У ролях — Валерыя Арланава, Павел Харланчук, Сяргей Чакярэс, Вольга Клебановіч, Аляксей Шадзько.

На фестывалі ШАС таксама дасягнута пагадненне «Беларусьфільма» з адной з вядучых карпарацый у Кітаі China Film Group Corporation аб імпарце, распаўсюджванні і папулярызацыі беларускага фільма «Тум-Пабі-Дум» на ўсёй тэрыторыі КНР.

Галоўная ўзнагарода першага кінафестывалю ШАС, які прайшоў 13-17 чэрвеня ў Новым раёне Сіхаянь у Цындаа, прыз «Залатая чайка» ўручаны ў намінацыі за лепшы фільм кітайскай кінастужцы «Уваход у Забаронены горад» і афганскай карціне «Міна ідзе».

Фестываль стаў буйным культурным мерапрыемствам: за пяць дзён у Цындаа было паказана 55 фільмаў, знятых за апошнія два гады 12 краінамі, іх паглядзелі амаль 50 тыс. гледачоў. Ён таксама накіраваны на пашырэнне міжнародных камунікацый у кінаіндустрыі. На кінафестывалі прайшоў форум кінасупрацоўніцтва краін ШАС, кінарынак, былі прадстаўлены праграмы трэнінгаў па кінавытворчасці і семінараў кінематаграфістаў краін ШАС, падпісаны пагадненні аб імпарце кінафільмаў і супрацоўніцтве ў галіне кінематографа, раскрыты новыя перспектывы для кінематаграфічнага абмену і супрацоўніцтва краін ШАС.