Выйшаў з друку чарговы, васямнаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”. Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Яніны Пінчук, Яніны Асіпцовай, Марыі Магдалены Палхоўскай, Уладзіміра Круміна, Алеся Мацулевіча і Анатоля Брусевіча. Друкуецца таксама ўрывак з паэмы «Бацька»  Васіля Дэбіша.

Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай, Алеся Яшчанкі, Міколы Адама, Вячаслава Лапціка і Вінцэся Мудрова.

У раздзеле “Пераклады” друкуецца апавяданне сучаснай кітайскай пісьменніцы Цань Сюэ ў перакладзе на беларускую мову Алены Сцяпашкінай.

Раздзел “Крытыка” адкрывае інтрыгуючае эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Янку Маўру. Шматграную творчую і выдавецкую дзейнасць Уладзіміра Сіўчыкава ў сваёй гутарцы з ім асвятляе Кацярына Шчасная. Новымі запісамі з нізкі  «Эцюды і крэскі» дзеліцца Васіль Зуёнак. Друкуецца ўрывак  з «Віленскага дзённіка» Раісы Крывальцэвіч. Адказ на пытанне «Чаго баяцца ўдзельнікі гурта «Тутэйшыя?» — у гутарцы Эдуарда Акуліна з  кіраўніком калектыву Таццянай Казановіч. Успамінамі аб «Чортавым балоце» вяртаецца ў гады дзяцінства Лявон Валасюк. Спробу «Прымірыць Візантыю з Рымам» робіць у сваім гістарычным нарысе Леанід Дранько-Майсюк. Узаемінам Янкі Купалы і беларускай эміграцыі ХХ стагоддзя прысвечаны артыкул Сяргея Чыгрына. У чарговы раз пра нашумелы раман Людмілы Шчэрбы«Урб@н.М: адзін дзень не майго жыцця» разважае ў сваёй рэцэнзіі Яна Будовіч. З рэцэнзіяй на дэбютную кнігу Аліны Длатоўскай «Ген зямлі» выступае Эдуард Дубянецкі.   Гіпотэзай аб тым, што «анекдот ёсць індыкатарам нашага жыцця»  дзеліцца  з чытачамі пасля прачытання кнігі Сяргея Шапрана крытык Анатоль Трафімчык.

Мастацкае афармленне нумара падрыхтавалі Дар’я Бунеева і Валерыя Праслава. Ілюстрацыі  —  Лізаветы Ганчаровай.

Пытайце “Верасень” №18 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце “Верасень” на сайтах: Kamunikat.org і tbm-mova.by. Дасылайце свае творы ў “Верасень” на адрас: verasenchas@gmail.com