Фота з сайта Mefody.github.io
Фота з сайта Mefody.github.io

15 чэрвеня — 70 гадоў Анатолю Іванавічу Бутэвічу – беларускаму пісьменніку, перакладчыку, публіцысту, крытыку, грамадскаму дзеячу.

Імя гэтага чалавека добра вядома ў культурных колах Беларусі. У мінулым – старшыня Дзяржаўнага камітэта па друку, міністр інфармацыі, міністр культуры і друку, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Румыніі. А сёння – пісьменнік, даследчык айчыннай гісторыі, удзельнік міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў».

Анатоль Іванавіч – аўтар шматлікіх кніг гістарычнай прозы і гісторыка-дакументальнай літаратуры. Вынікам шматгадовага даследавання гістарычнага мінулага роднага краю сталі серыі твораў пісьменніка: «Сем цудаў Беларусі», «У гасцях у вечнасці», «Званы Нямігі», «Славутыя родам сваім», якія багата насычаны малавядомымі раней звесткамі.
Гістарычная тэма гучыць у рыцарскіх раманах «Каралева не здраджвала каралю…» і «Паміж Княствам і Каронай. Ад Крэва да Кракава», дзе аўтар паказаў свет таямнічых інтрыг і парадкаў каралеўскага двара, палітычную барацьбу, што адбывалася вакол трона.

Адным з асноўных прыярытэтаў творчасці А. Бутэвіча з’яўляюцца творы для дзяцей. Першая казка для маленькіх «Сонца-абаронца» была надрукавана ў 1983 г. у часопісе «Вясёлка». Пазней адна за адной вышлі з друку кнігі: «Прыгоды лісціка-карунчыка», «Прыгоды памаўзлівай Рыскі», «Расстайны пах асоту», «Як акіян з кропелькай барукаўся». На рахунку пісьменніка такія цудоўныя казкі для дзяцей, як «Чараўніца Восень і Сняжынка-падарожніца», «Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў», «Зорная Кася». Адпаведна ўзросту чытача аўтар выбірае тэму і форму падачы матэрыялаў: ад пачуцця любові, якое патрэбна любой жывой істоце, да першага кахання, сяброўства, сталення.

Па 8 ліпеня 2018 года ў зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праходзіць выстаўка «Цуд на далонях вечнасці», прысвечаная жыццю і творчасці Анатоля Іванавіча Бутэвіча.