З усёй Беларусі да кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Наталлі Качанавай сёння едуць каля 20 актывістак руху «Маці-328».

Пра гэта belsat.eu распавяла Таццяна Канеўская. Цяпер яна ды іншыя маці асуджаных едуць у Мінск.

«Мы хочам прыйсці на прыём да Качанавай, хоць ён і не запланаваны. Размова 2 траўня, абяцанні дэпутатаў не выконваюцца. Мы хочам задаць пытанні і паразмаўляць, каб мець разуменне, што адбываецца. Бо цяпер поўная цішыня. Мы хочам мірных перамоваў», – кажа Таццяна Канеўская і жартаўліва дадае, што калі нічога не спрацуе, то прыйдзецца брацца за вілы.

Таксама жанчыны маюць намер пайсці да Палаты прадстаўнікоў, каб паразмаўляць з дэпутатамі.

«Яны нашыя выбраннікі, яны павінны працаваць для нас, але пакуль не бачна, каб яны спяшаліся прымаць рашэнне», – кажа Таццяна Канеўская.

У снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі ў Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў.

Між тым сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах. Шмат каго з іх адмыслова падстаўлялі.

Маці асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў дамагаюцца зніжэння тэрмінаў пакарання і пераразгляду справаў. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне актывісткі руху «Маці-328» галадалі 14 дзён – з 27 красавіка па 11 траўня. Яны двойчы хадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд дэпутатам. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі.

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, дабаўце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя