Уваход у вучэльню. Фота: sptu2.mogilev.by
Уваход у вучэльню. Фота: sptu2.mogilev.by

Дырэктара Магілёўскай дзяржаўнай спецыяльнай прафесійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу №2 дрэваапрацоўкі і двух ягоных намеснікаў вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Напрыканцы мінулага году ў вучэльні адбылося здарэнне – збеглі шасцёра выхаванцаў. Пасля таго, як іх вярнулі ў вучэльню, намеснікі дырэктара намагаліся высветліць у хлопцаў усе абставіны. Яны не знайшлі нічога лепшага, як збіць дзяцей і зачыніць іх у бацькоўскім пакоі на ноч. Аднаму з навучэнцаў зламалі хрыбетнік.

Яшчэ аднаго хлопца 2001 года нараджэння за парушэнне правілаў унутранага распарадку збівалі сістэматычна.

Службовым асобам выставілі абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 426 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ім пагражае пазбаўленне волі тэрмінам ад 3 да 10 гадоў.

Дырэктар вучэльні ў верасні 2016 году наехаў на службовым аўтамабілі на сямігадовую дзяўчынку.

«А ў перыяд з верасня 2016 года па сакавік 2017 года абвінавачваны сістэматычна даваў незаконныя ўказанні падначаленым яму па службе работнікам і выхаванцам вучылішча аб арганізацыі і выкананні ў яго асабістых мэтах розных прац, у тым ліку з выкарыстаннем службовага транспарту», – кажа афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк.

Паводле аднаго з артыкулаў дырэктару вучэльні пагражае ад 2 да 6 гадоў пазбаўлення волі.

«Мера стрымання, ужытая да абвінавачаных, застаецца ранейшай – заключэнне пад варту», – адзначаюць у Следчым камітэце.

Крымінальную справу пракурор накіраваў у суд.