Міліцыя спрабавала разагнаць абаронцаў Курапатаў.

У ноч на 13 чэрвеня невядомыя павалілі крыжы, якія абаронцы Курапатаў выставілі ля праезду ў рэстарацыю «Поедем поедим» праз ахоўную зону, які месьціцца за 50 мэтраў ад мэмарыялу.

Як расказаў Свабодзе адзін зь лідэраў пратэсту, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, актывісты падазраюць, што крыжы павалілі супрацоўнікі рэстарацыі — пратэстоўцы ставілі крыжы якраз каб перашкодзіць машынам з прадуктамі езьдзіць «незаконнай» дарогай.

Актывісты працягваюць штодзённую вахту (пратэсты цягнуцца з пачатку месяцу) і спрабуюць не прапускаць у рэстарацыю машыны з грузамі, агітуюць наведнікаў не хадзіць у «„кабак“ на костках», як яны называюць «Поедем поедим». Сёньня да пратэсту далучыліся таксама праваабаронцы «Вясны» на чале з Алесем Бяляцкім, якія разгарнулі расьцяжку «Курапаты — месца злачынства і смутку».

Невядомыя павалілі крыжы ля рэстарацыі «Поедем поедим»

Было: вечар 12 чэрвеня

Невядомыя павалілі крыжы ля рэстарацыі «Поедем поедим»

Стала: дзень 13 чэрвеня

«Сёньня а 12-й гадзіне дня ў Курапатах сабралася чалавек дваццаць, прыехалі людзі з рэгіёнаў, з Бабруйска, зь Віцебска, — расказвае Свабодзе Севярынец. — Недзе ў 12:30 пачаліся інцыдэнты. Сьмецьцевоз і машына з прадуктамі спрабавалі праехаць на тэрыторыю „Бульбаш-холу“, шэсьць супрацоўнікаў міліцыі і ДАІ спрабавалі ссунуць пратэстоўцаў з праезду.

Дайшло і да штурханіны, на зямлю павалілі Тацяну Севярынец, але адступілі, не змаглі людзей сапхнуць. Аформілі два пратаколы на мяне і на Аляксандра Туровіча за парушэньне правілаў дарожнага руху».

Увечары 12 чэрвеня Туровіча затрымалі на выхадзе з Курапатаў, ноч ён правёў у пастарунку, зранку быў адпушчаны зь міліцыі пасьля складаньня трох пратаколаў — абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, дробным хуліганстве і перашкодзе працы грамадзкай установы.

Невядомыя павалілі крыжы ля рэстарацыі «Поедем поедим»

Затрыманьні актывістаў

31 траўня затрымалі актывістку Вольгу Мікалайчык падчас пікету супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим». 7 чэрвеня па дарозе з Курапатаў на дзьве гадзіны затрымалі Паўла Севярынца і Вольгу Мікалайчык. 8 чэрвеня затрымалі Дзяніса Ўрбановіча і Вольгу Мікалайчык.