Другі зьлева на пярэднім пляне — пацярпелы Анатоль Глыцюк

Міліцыянта Сяргея Куляшова асудзілі за перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Ён падчас затрыманьня зламаў нагу селяніну Анатолю Глыцюку.

12 чэрвеня начальнік Кобрынскага РАУС Уладзімер Сьцепанюк заступаўся за Куляшова:

«Вы судзіце не ўчастковага інспэктара міліцыі, не супрацоўніка Кобрынскага РАУС — вы судзіце ўсю сыстэму органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь», — сказаў кіраўнік кобрынскай міліцыі.

13 чэрвеня пракурор заявіў, што віна Сяргея Куляшова даказаная сьведкамі, экспэртызамі і сьледчым экспэрымэнтам, паведамляе Радыё Свабода.

Паводле пракурора, дзеяньні падсуднага выйшлі «за межы правоў і паўнамоцтваў і пацягнулі ўчыненьне шкоды правам і інтарэсам грамадзянаў, а таксама дзяржаўным інтарэсам» і былі перавышэньнем улады і службовых паўнамоцтваў, спалучаным з гвалтам у дачыненьні да пацярпелага.​

Міліцыянта, які зламаў нагу вяскоўцу, пакаралі 4 гадамі ўзмоцненага рэжыму
Міліцыянт Куляшоў (зьлева)

У якасьці зьмякчальных абставінаў дзяржаўны абвінаваўца адзначыў выплату ўчыненай шкоды і наяўнасьць малалетніх дзяцей.

Судзьдзя Пётар Цімашэнка абвясьціў вырак, які цалкам супаў з прапановай пракурора: 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Пасьля гэтага Сяргея Куляшова адразу ўзялі пад варту.

Міліцыянта, які зламаў нагу вяскоўцу, пакаралі 4 гадамі ўзмоцненага рэжыму

За працэсам назіралі дзясяткі міліцыянтаў у форме, якія амаль цалкам запоўнілі залю. На абвяшчэньне прысуду, аднак, большасьць іх не прыйшла.