"Дынама" збіраліся зрабіць Нацыянальным футбольным стадыёнам, але перадумалі. Фота: БЕЛТА

8 чэрвеня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка перад адлётам у Кітай падпісаў указ аб падрыхтоўцы тэрыторый пад будаўніцтва ў Мінску Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту.

Стадыён з’явіцца ў раёне вуліцы Ванеева, недалёка ад стадыёна «Трактар», а басейн — на Кальварыйскай вуліцы, паведамляе Еўрарадыё.

Гісторыя з Нацыянальным футбольным стадыёнам распачалася ў 2010 годзе. У той час планавалі за паўмільярда долараў яго пабудаваць ў мікрараёне Шчомысліца (на 30 тысяч месцаў). Праз два гады з’явілася ідэя рэканструяваць у Нацыянальны футбольны стадыён «Дынама», летам 2014-га яго замянілі на стадыён «Трактар». Праект ацэньвалі на суму, не большую за 100 мільёнаў еўра. Планавалі скончыць будаўніцтва да канца 2018-га, меркавалася, што на стадыёне будзе 33 тысячы глядацкіх месцаў. Тэндар выйграла кітайская кампанія. Аднак праект так і не быў рэалізаваны.

Летась кіраўнік дзяржавы заявіў, што архітэктурнае аблічча нацыянальнага стадыёна будзе з кітайскім каларытам. Яго пабудуюць пры фінансавай падтрымцы Кітая. Кітайскі бок збіраецца інвеставаць у будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту на Кальварыйскай вуліцы каля 180 млн долараў.