Фото с сайта Minenergo.gov.by
Фото с сайта Minenergo.gov.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некаторыя высокапастаўленыя чыноўнікі ўжо арыштаваныя і даюць паказанні ў следчым ізалятары. Днямі тыя самыя словы паўтарыў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, удакладніўшы, што ўзніклі пытанні да дэкларацый службоўцаў. Праўда, імёны затрыманых не называюцца.

Выглядае, што адзін з фігурантаў гэтых крымінальных спраў — былы міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык. Ён быў адпраўлены ў адстаўку ў пачатку мая 2018 года з фармулёўкай «за садзейнічанне незаконнаму сямейнаму бізнэсу», піша «Наша Ніва«.

Ім адразу ж заняўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Як стала вядома «НН», у дзень адстаўкі чыноўніка адразу ж быў арыштаваны катэдж Патупчыка, пабудаваны непадалёку ад «Мінск-Арэны» на «вуліцы банкіраў».

Тут жывуць былыя старшыні і намеснікі старшыняў Нацбанка, а таксама беглы кіргізскі прэзідэнт Курманбек Бакіеў.

Апроч таго, была апячатаная кватэра Патупчыка ў доме на вуліцы Беларускай, на беразе Свіслачы.

Ён дзіўным чынам прыватызаваў яе ў сярэдзіне 2000-х, атрымаўшы дазвол першаснага ўласніка — Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

«Наша Ніва» спрабавала на працягу некалькі дзён звязацца з прэс-службай КДБ, каб атрымаць афіцыйны каментар.

* * *

Уладзімір Патупчык нар. 1958 у Светлагорску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1980) і Расійскую акадэмію дзяржаўнай службы пры прэзідэнце Расіі (2002).

У 1980—1984 працаваў на Мазырскай ЦЭЦ, Светлагорскай ЦЭЦ і на «Гомельэнерга», у 1984—1990 — у Светлагорскім гаркаме КПБ. У 1990—1998 — намеснік старшыні Светлагорскага савета народных дэпутатаў, намеснік мэра Светлагорска. У 1998—2001 — старшыня камітэта Гомельскага аблвыканкама, у 2001 — мэр Мазыра, у 2001—2004 — віцэ-губернатар Гомельшчыны. У 2004—2006 — памочнік прэзідэнта (інспектар па Мінску). У 2006—2009 — міністр працы і сацыяльнай абароны, у 2009—2010 — віцэ-прэм’ер. У 2011—2012 — віцэ-спікер савета рэспублікі. У 2013—2018 — міністр энергетыкі.