На творчым рахунку пісьменніка і краязнаўца са Слоніма Сяргея Чыгрына больш за 60 кніг. Ён даследуе не толькі родную Слонімшчыну, але і суседнія Зэльвеншыну, Дзятлаўшчыну і Навагрудчыну, нават замежную Беласточчыну. Але гэта, што называецца, занятак для душы, а штодзённая яго праца – у Слонімскім драматычным тэатры, дзе Сяргей загадвае літаратурнай часткай. З “тэатральных” пытанняў і пачалася наша гутарка.

– Сяргей, сярод “тэатральных” гарадоў Слонім самы невялікі, у ім налічваецца крыху менш за 50.000 жыхароў. Як сёння жывецца тэатру ў правінцыйным гарадку?

– У Беларусі ўсяго 28 тэатраў, з іх нямала знаходзіцца ў абласных і раённых цэнтрах – у Маладзечне, Пінску, Мазыры. І сапраўды, ты маеш рацыю: калі параўноўваць Слонім з гэтымі гарадамі, то ў нас насельніцтва ў два-тры разы менш. А зала ў тэатры ў нас даволі вялікая – на 196 месцаў. Для правінцыяльнага гарадка гэта больш чым дастаткова. Я ў тэатры больш за дваццаць гадоў і бачу, што з кожным годам гледачоў на спектаклях усё менш і менш. Асноўная прычына – людзі нашы ўсё больш бяднеюць і павінны найперш думаць пра хлеб надзённы.

– А колькі каштуе квіток на вашы спектаклі?

– Цана проста смешная – пяць рублёў для дарослых і тры з паловай рублі для дзяцей. Аднак справа нават не ў цане. Пачынаецца вясна, і людзі спяшаюцца ў вёску апрацоўваць агароды, ім не да тэатра. І так да позняй восені. Зімой наведвальнасць спектакляў нашмат лепшая. Я падлічыў: у нашым тэатры пабывала каля 60 працэнтаў слонімцаў. Асабліва людзі любяць глядзець камедыі, яны хочуць прыйсці на спектакль і адпачыць.

«Акцёры працуюць у трох-чатырох месцах – хто вокны ўстаўляе, хто тамадой на вяселлях»

– А ці карыстаецца попытам беларуская класіка? Які ў вас увогуле рэпертуар?

– На класіку попыт заўсёды ёсць. Напрыклад, “Прымакі” Янкі Купалы ідуць ужо гадоў дзесяць. І “Паўлінка” таксама доўгажыхар на нашай сцэне. З замежнымі п’есамі складана, бо драматургі з другіх краін звычайна патрабуюць задатак – да 3000 долараў. Толькі тады яны згаджаюцца на пастаноўку пры ўмове атрымання 10–20 працэнтаў ад фінансавага збору. Таму мы працуем пераважна з беларускімі аўтарамі. Наш галоўны рэжысёр Васіль Сявец мае ў сваім партфелі нямала п’ес беларускіх драматургаў – Сяргея Кавалёва, Васіля Ткачова і іншых. Найдаўжэй на сцэне жывуць дзіцячыя спектаклі. Напрыклад, “Малы і Карлсан” у маім перакладзе на беларускую мову ў нас ідзе больш за 10 гадоў. Але тут праблема кадравая. У вялікіх тэатрах у кожным спектаклі ёсць акцёры-дублёры. А ў нас на гэта не хапае трупы. І вось мы
паставілі спектакль, а асноўны акцёр праз два-тры гады ўзяў і звольніўся. І трэба ўсё пачынаць па-новаму. Ці – закрываць спектакль…

Поўны тэкст інтэрв’ю з Сяргеем Чыгрыным чытайце ў газеце «Народная Воля» за 8 чэрвеня