Фота: bdz.by

На выходных 2 і 3 чэрвеня на вуліцы Зыбіцкай міліцыя масава затрымлівала людзей побач з барамі. Падставай для затрымання было знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане або распіццё алкаголю па-за кавярнямі і летнімі тэрасамі. Гэта ўжо не першы раз, калі міліцыя ладзіць рэйды на «галоўнай тусовачнай вуліцы» Мінска, перадае Еўрарадыё.

Афіцыйная пазіцыя міліцыі з гэтай нагоды простая: нічога асаблівага не здарылася. Былі скаргі на паводзіны п’яных людзей — міліцыянты і АМАПаўцы «апрацавалі» вуліцу. Было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек (дакладная колькасць замоўчваецца), якія распівалі алкаголь па-за барамі і летнімі тэрасамі на вуліцы і на набярэжнай, а таксама на тых, хто быў п’яным ў грамадскім месцы.

Міліцыя абяцае, што і далей будзе сачыць за парадкам на вуліцы Зыбіцкай. А ўсё дзеля таго, каб, на іх думку, забяспечыць грамадзянам годны адпачынак і камфортнае баўленне часу.

А гэта значыць, што наведвальнікі бараў на Зыбіцкай могуць стаць пастаяннымі кліентамі РАУС Цэнтральнага раёну.

На ўсіх затрыманых склалі пратаколы за распіццё алкаголю ці з’яўленне ў грамадскім месцы п’янымі.

Аднак наколькі правільна затрымліваць на «барнай» вуліцы чалавека, які натуральна выйшаў з бара падвыпіўшы?

У кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях у артыкуле 17.3 частке 2 прапісана, што затрымаць могуць, калі ў нецвярозым выйшаў на вуліцу ў выглядзе, які «абражае чалавечую годнасць і маральнасць». Аднак, што гэта значыць? І хто вызначае ў якім ты стане?

А вызначаецца гэта органам, які вядзе адміністрацыйны працэс. То бок міліцыянерамі.

Фота: bdz.by
Фота: bdz.by

Прэс-сакратар УУС Мінскай вобласці Яўген Сачак, яшчэ ў студзені распавёў Еўрарадыё, што колькасць праміле ў крыві не так важна. Больш увагі аддаецца вонкаваму выгляду і паводзінам:

Еўрарадыё: Калі затрымліваюць чалавека ў стане алкагольнага ап’янення — яго абавязкова адвозяць на медыцынскі агляд?

Прэс-сакратар Яўген Сачак: Так, безумоўна, калі яго затрымліваюць менавіта за гэта, то павінна быць доказная база, трэба ўсталяваць, што ён знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення. Бываюць розныя віды аналізы — галоўнае ўсталяваць яго фізічны стан.

Еўрарадыё: Вось калі ты за рулём, то ёсць абмежаванне ў 0,3 праміле. А ёсць нейкія абмежаванні, калі ты ў грамадскім месцы?

Прэс-сакратар Яўген Сачак: Не гатовы сходу адказаць. Але, шчыра кажучы, не чуў аб канкрэтных нормах. Тут важней тое, як чалавек сябе вядзе.

Еўрарадыё: На якія паводзіны супрацоўнікі міліціі будуць звяртаць увагу?

Прэс-сакратар Яўген Сачак: Першае — калі чалавек не арыентуецца ў навакольнай прасторы. Другое — калі ён паводзіць сябе з выклікам: мацюкаецца, прыстае да грамадзян, брыдкасловіць. Трэцяе — знешні выгляд, які можа абразіць грамадзян: неахайны, у гразі. Чацвёртае — неадэкватныя паводзіны і залішняя агрэсія.

Калі з міліцыяй усё зразумела, то што пра масавыя затрыманні на Зыбіцкай думаюць праваабаронцы? Ці не турбуе іх, што праваахоўныя органы могуць злоўжываць законам?

Праваабаронца Гары Паганяйла лічыць, што затрыманне п’яных праходзіць у рамках закона, калі яны парушаюць грамадскі парадак і агульнапрызнаную мараль:

«Калі яны сапраўды былі ў п’яным стане і ў такім выглядзе, што парушалі грамадскі парадак і мараль. Да парасячага візгу напіўшыся. То вядома, што яны могуць быць затрыманыя. У нас жа дзейнічаюць такія законы».

Калі міліцыя сама вырашае ў якім стане чалавек, то законам можна лёгка злоўжываць. Гары Паганяйла раіць людзям у такім выпадку “не нарывацца”.

«Злоўжываць можна усімі законамі. І калі супрацоўнікі міліцыі не прытрымліваюцца рамак дапушчальных паводзін да затрыманага і спрабуюць прыцягнуць да адказнасці, злоўжываюць становішчам, прымяняюць сілу і брутальна сябе вядуць, то гэта адна справа. Але і грамадзяне не павінны, як кажуць — нарывацца».

У маі 2018 года ў Брэсце двух чалавек затрымалі на выхадзе з кафэ за знаходжанне пьянымі ў грамадскім месцы. Іх забралі у апорны пункт. Падчас састаўлення пратаколаў збілі. Старшага сяржанта міліцыі Алега Самарчука абвінавацілі ў перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, спалучаным з гвалтам і ўжываннем спецсродкаў. 24 мая яго асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У выніку атрымліваецца, што выпіваючы на Зыбіцкай і шпацыруючы ад бара да бара, ты можаш праходзіць праз іх фэйскантроль і быць прымальнай публікай, але для міліцыі ты ўжо «нецвярозы ў грамадскім месцы», які не арыентуецца ў навакольнай прасторы, мацюкаецца і выглядае неахайна?