30 мая Вярхоўны суд Беларусі пасля разгляду ў апеляцыйным парадку пакінуў практычна без зменаў прысуд Мінскага гарадскога суда ад 20 студзеня 2018 года па справе аб забойстве трох чалавек у Калодзішчах і Мінску.

Абвінавачваныя па гэтай справе — рабочыя піларамы Вячаслаў Сухарка, Аляксандр Жыльнікаў, а таксама выхавальніца дзіцячага сада, былая актывістка БРСМ Аліна Шульганава. Галоўны эпізод справы — забойства мужчыны і жанчыны ў кватэры на вуліцы Алібегава ў Мінску 16 снежня 2015 года. Шульганава абвінавачаная ў арганізацыі прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўцы да выкрадання чалавека. Паводле дадзеных следства, яна не магла змірыцца з тым, што яе былы сужыцель падтрымлівае блізкія адносіны з іншай дзяўчынай, і «замовіла» Жыльнікаву і Сухарку збіццё саперніцы. Выканаўцы, будучы п’янымі, учынілі разбойны напад на кватэру, дзе жылі маладыя людзі, і забілі іх абодвух, нанёсшы больш за 140 удараў нажом. Пасля гэтага яны забралі грошы, асабістыя рэчы і ўцяклі.

Падчас расследавання падвойнага забойства было ўстаноўлена, што 15 снежня таго ж года абвінавачваныя ўчынілі разбойны напад у Калодзішчах, каб завалодаць 10 тыс. долараў. У ходзе нападу быў забіты 59-гадовы мужчына, у якога Сухарка раней здымаў пакой.

Першы прысуд быў вынесены Мінгарсудом 6 сакавіка 2017 года — пажыццёвае зняволенне для Сухаркі і Жыльнікава і 12 гадоў пазбаўлення волі для Шульганавай. З прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу, справа была накіравана на паўторны разгляд. 20 студзеня 2018 года калегія па крымінальных справах Мінгарсуда пасля паўторнага разгляду справы прыгаварыла Жыльнікава і Сухарку да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці, Шульганаву — да 12 гадоў пазбаўлення волі без канфіскацыі маёмасці.

Характэрна, што Сухарка прасіў замяніць яму пажыццёвае зняволенне расстрэлам, у той час як Жыльнікаў сцвярджаў, што нікога не забіваў і што Сухарка яго агаварыў.

Апеляцыю на прысуд падавалі Шульганава, абарона Жыльнікава і Сухаркі, а таксама сам Жыльнікаў.

Сёння ў залу Вярхоўнага суда былі дастаўлены толькі двое — Жыльнікаў і Сухарка. Прысутнасць Шульганавай на працэсе неабавязкова. Абодва абвінавачваныя знаходзіліся ў клетцы з заведзенымі за спіну рукамі ў наручніках.

Вярхоўны суд пастанавіў прысуд Жыльнікаву і Сухарку ў частцы прызначэння ім вышэйшай меры пакарання (смяротнай кары з канфіскацыяй маёмасці) пакінуць без зменаў, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.

Пры гэтым абодва фігуранты вызваленыя ад адказнасці за крадзеж дакументаў забітай дзяўчыны, паколькі тэрмін прыцягнення да адказнасці па гэтым складзе злачынства скончыўся.

Без змен пакінуты і прысуд Шульганавай.

Прысуд Вярхоўнага суда абскарджанню не падлягае. Пры гэтым Жыльнікаў і Сухарка, якія ўжо ўтрымліваюцца ў камеры смяротнікаў СІЗА № 1 у Мінску, могуць скарыстацца правам звярнуцца па памілаванне да прэзідэнта. Жыльнікаў, хутчэй за ўсё, так і зробіць.