43-і зьезд БРСМ чарговым разам нагадаў усю заганнасьць абдзяржаўліваньня моладзевай арганізацыі.

На двух папярэдніх зьездах (у 2011, 2015 гадах) прысутнічаў і выступаў зь вялікай прамовай Аляксандар Лукашэнка. Гэтым разам яго не было. Што пэўным чынам сьведчыць пра ягонае цяперашняе стаўленьне да гэтай арганізацыі. Дзяржаўныя мэдыі даюць вельмі скупую інфармацыю пра зьезд.

«Наша Ніва» паведаміла, што кіраўнік дзяржавы, Адміністрацыя прэзыдэнта незадаволеныя дзейнасьцю кіраўніцтва БРСМ. Адбыліся нават праверкі ягонай працы па лініі Дзяржкантролю і пракуратуры. Паводле маёй інфармацыі, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Бузоўскі, які адказваў за ідэалягічную працу, быў зьняты з пасады таксама за неэфэктыўную працу БРСМ.

Але хіба справа ў дрэнным кіраўніцтве? БРСМ мае невылечную родавую траўму. Калі зьезд масавага моладзевага саюзу, які праходзіць раз на тры гады, адбываецца бяз вострых дыскусій, новае кіраўніцтва выбіраецца на безальтэрнатыўнай аснове, то гэта апрыёры «мёртвая» арганізацыя.

Нават калі б чалавек, які нічога ня ведае пра БРСМ і ўвогуле пра Беларусь, захацеў даведацца пра гэтую структуру, то, проста заглянуўшы на яе сайт, хутка ўсё зразумеў бы. Адразу бачна, што гэта банальная бюракратычная надбудова, дзе з наведнікамі размаўляюць кандоваю казённаю моваю. Вы зьдзівіцеся, але нават па заканчэньні зьезду на сайце ўвогуле няма інфармацыі ня толькі пра ягоныя вынікі, але нават пра ягоны ход. І яны хочуць завабіць да сябе моладзь, якая, як вядома, жыве ў інтэрнэце!

Нават у савецкія часы напярэдадні камсамольскіх зьездаў у моладзевых газэтах існавала нейкая «перадзьездаўская трыбуна», дзе адбывалася няхай сабе імітацыя дыскусій. Цяпер нічога такога няма.

Вось напярэдадні зьезду АГП кандыдаты на пасаду старшыні вядуць між сабою дыскусіі, наведваюць гарадзкія і абласныя канфэрэнцыі, нават сварацца, то бок вядуць перадвыбарчую кампанію. Ці варта казаць, што нічога падобнага ў БРСМ няма. Кіраўнік быў «прапанаваны» зьверху.

БРСМ — клясычная арганізацыя, створаная дзяржаваю пад выглядам грамадзкага аб’яднаньня. Зьява добра вядомая ў сьвеце і характэрная для недэмакратычных рэжымаў. Такія арганізацыі атрымалі нават адмысловую назву — GONGO*.

На першым часе ў Беларусі абдзяржаўленыя структуры маскаваліся пад сапраўдныя грамадзкія арганізацыі. Але ў 2003 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў спэцыяльны ўказ аб статусе «дзяржаўна-грамадзкіх аб’яднаньняў», дзе ўсё названа сваімі імёнамі.

Адным з такіх аб’яднаньняў і стаў БРСМ. Яго функцыя — кантроль за моладзьдзю. Калі савецкі камсамол меў пэўную ідэалёгію, то ў БРСМ ніякай ідэалёгіі няма. Усё, што ад яго патрабуецца, — гэта забясьпечыць ляяльнасьць моладзі існаму рэжыму і яго лідэру. У арганізацыю ўбухалі немалыя бюджэтныя сродкі. Сябрам БРСМ дадзеныя льготы ў сфэры сэрвісу і адпачынку. Інакш кажучы, адбываецца элемэнтарны подкуп у абмен на ляяльнасьць. У незалежных СМІ прыводзілася шмат фактаў, калі маладых людзей прымушалі ўступаць у гэты саюз.

Але, гледзячы па незадаволенасьці Адміністрацыі прэзыдэнта дзейнасьцю БРСМ, усё гэта дрэнна працуе. А па-іншаму яно працаваць і ня можа.

Дарэчы, і ў савецкія часы камсамол быў самым слабым стаўпом камуністычнай сыстэмы. У разгар гарбачоўскай перабудовы на мяжы 1980–1990-х гадоў першымі пабеглі з-пад кантролю КПСС камсамольскія важакі, бо танчэй адчувалі настроі моладзі. Так будзе і цяпер. І зьмена кіраўніка БРСМ ніяк не дапаможа.