Фото http://bdg.by

У барацьбе з ілжэпрадпрымальніцтвам у Беларусі дзяржаўныя органы «кінуліся ў крайнасці». Такое меркаванне выказаў першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі 30 мая на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу.

Мацюшэўскі падтрымаў карэкціроўку ўказа прэзідэнта № 488 ад 23 кастрычніка 2012 года «Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў», якая рыхтуецца. «Указ нанёс неверагодную шкоду прадпрымальніцтву ў краіне», — заявіў першы віцэ-прэм’ер.

У апошнія гады бізнес-асацыяцыі і прадпрымальнікі неаднаразова абураліся тым, што ўжыванне гэтага ўказа стала прычынай санкцый у дачыненні да добрасумленных прадпрымальнікаў.

У канцы сакавіка Савет па развіцці прадпрымальніцтва вынес на грамадскае абмеркаванне праект аб унясенні зменаў ва ўказ № 488.

У красавіку кіраўнікі Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага і Беларускага саюза прадпрымальнікаў заявілі аб тым, што праект новай рэдакцыі ўказа № 488 «не здымае з добрасумленных суб’ектаў гаспадарання (прадпрымальнікаў) рызыку несці адказнасць за здзелкі са структурамі, якія ў пазасудовым парадку кантрольныя органы прызналі «лжэпрадпрымальніцкімі».

У сувязі з гэтым кіраўнікі бізнес-саюзаў прапанавалі каля 15 правак у апублікаваны праект зменаў да ўказа № 488.