Фота: Мацей Фокс/ ІНП

Менгарвыканкам дазволіў правядзеньне 3 чэрвеня ў Курапатах мітынгу-рэквіему «Дзень памяці пра генацыд».

Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьцянскай партыі БНФ Сяргей Папкоў.

Час мітынгу: з 13:00 да 16:00.

Якой падзеі прысьвечаны мітынг?
Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».

Плянуецца, што падчас акцыі:
— будзе разгорнута выстава здымкаў і дакумэнтаў, прысьвечаных расстрэлаў у Курапатах;
— дэклямацыя вершаў прысьвечаных Курапатам і паэтаў, якія пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсій.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.