Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц. Фота: REUTERS

Федэральны канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Аўстрыю. Аналагічнае запрашэнне Курц атрымаў ад беларускага кіраўніка. Абмен запрашэннямі адбыўся падчас тэлефоннай размовы Лукашэнкі з Курцам 29 мая.

Размова адбылася з ініцыятывы аўстрыйскага боку, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Лукашэнка павіншаваў Курца з прызначэннем на пасаду федэральнага канцлера, а той расказаў суразмоўцу аб унутраных палітычных зменах у Аўстрыі.

«Падчас тэлефоннай размовы бакі ў цэлым абмеркавалі напрацаваныя паміж краінамі кантакты ў розных сферах і сышліся ў меркаванні, што іх ні ў якім разе нельга страціць. Себасцьян Курц запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Аўстрыю. Прыняўшы запрашэнне, прэзідэнт Беларусі ў сваю чаргу запрасіў федэральнага канцлера прыехаць у Беларусь у суправаджэнні дзелавых колаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Асаблівая ўвага была нададзеная міжнароднаму форуму «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх» экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог», які прайшоў у беларускай сталіцы 23—25 мая. «Себасцьян Курц падкрэсліў станоўчыя вынікі праведзенай канферэнцыі. Акрамя таго, была абмеркаваная запланаваная да правядзення восенню гэтага года ў Беларусі сустрэча асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Федэральны канцлер выказаў гатоўнасць падтрымаць і аказаць дапамогу па ўсіх напрамках у правядзенні гэтага мерапрыемства», — заўважаецца ў паведамленні.

Лукашэнка са свайго боку адзначыў пазітыўную дынаміку ў развіцці беларуска-аўстрыйскіх адносін і выказаў надзею на працяг канструктыўнага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах.

Кіраўнікі закранулі ў размове тэмы функцыянавання беларускага сектара тэлекамунікацый, у прыватнасці працы на рынку і далейшага развіцця кампаніі velcom, якая з`яўляецца даччынай кампаніяй аўстрыйскага холдынга Telekom Austria AG.