Гадоў дзесяць таму да мяне ў госці прыязджаў бізнесмен з Аўстрыі Віктар
Стуканюк. Калі ўвечары за вячэрай я спытаўся пра яго ўражанні ад Мінска, то пачуў:

– Людзі ў вас нейкія засмучаныя, глядзяць долу, на тварах мала радасці… Шчыра кажучы, такое назіранне сябра мяне засмуціла, а з другога боку – чаму беларусам радавацца?

Чалавек нараджаецца, жыве, памірае… Набывае адукацыю, прафесію, працуе. Жыццёвы прамежак прабягае вельмі хутка ды і доўжыцца ўсяго толькі гадоў 60… З вышыні гістарычнага вымярэння гэта імгненне. Што трэба зрабіць, каб гэта гістарычнае імгненне стала па-сапраўднаму радасным і шчаслівым? Адказ да банальнасці просты – сям’я, кватэра, добрая праца, добры заробак, добрая пенсія, надзейныя сябры.

Што маем сёння?

На сямейным фронце – 25-гадовая вайна. Грамадзянская. Ужо чвэрць стагоддзя кожны другі шлюб скасоўваецца…

Добры заробак, як і пенсія, у марах ды дзяржаўных абяцанках. Нават заробак урачам ды настаўнікам у нейкія 500 долараў ужо другое дзесяцігоддзе дзяржава не здольна забяспечыць. Кошты ў крамах еўрапейскія. Чалавек аб’ектыўна пастаўлены ва ўмовы выжывання.

Нараджальнасць скарачаецца. Смяротнасць расце. Кожны год на працягу апошніх 25 гадоў колькасць насельніцтва Беларусі скарачаецца прыкладна на адзін раён (20–25 тысяч чалавек).

Асабліва ў цяжкім становішчы аказаліся пенсіянеры. Памер пенсій (100–170 долараў у эквіваленце) пры сённяшніх цэнах на прадукты харчавання – «атамная» атака на людзей сталага ўзросту.

Сёння, як ніколі, востра паўстае пытанне размеркавання дзяржбюджэту. Дзе, у якой краіне свету вы знойдзеце дзяржбюджэт, у якім 50,74 працэнта выдаткоўвалася б на ўтрыманне дзяржапарату?..

Увесь артыкул дацэнта Васіля Русовіча Вы можаце прачытаць у газеце «Народная Воля» за 29 мая