Фота: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Цімафей Дранчук і Зміцер Дашкевіч, якія ў свой час адбывалі пакаранне за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”, распавялі “Народнай Волі”, чаму гэты артыкул трэба было б цалкам адмяніць.

Як вядома, апублікаваны праект зменаў у Крымінальны кодэкс. Дакумент падрыхтаваны Саветам міністраў і ўнесены на разгляд у парламент. Стала вядома, што плануецца дэкрыміналізаваць дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Норма будзе пераведзена з крымінальнага кодэкса ў адміністратыўны.

У 2005 годзе перад прэзідэнцкімі выбарамі беларускімі ўладамі быў прыняты новы артыкул Крымінальнага Кодэксу РБ, накіраваны на абмежаванне правоў беларускіх грамадзянаў. Праз год артыкул «арганізацыя дзейнасці аб’яднання, фонда ці рэлігійнай арганізацыі, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі, ці ўдзел у ёй», пачаў актыўна выкарыстоўвацца супраць актывістаў моладзевай дэмакратычнай арганізацыі “Малады Фронт”, якая не мела рэгістрацыі.

У сакавіку 2006 году была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193.1 супраць чатырох актывістаў “Маладога Фронту” –  Зміцера Дашкевіча, Алега Корбана, Барыса Гарэцкага і Сяргея Лісічонка.

1 лістапада 2006 году лідар “Маладога Фронта” Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 гады зняволення.

“Артыкул выразна палітычны, а таму не сумяшчальны з жаданнем уладаў весці дыялог з Захадам, — кажа Зміцер Дашкевіч. — У свай час такім чынам спрабавалі знішчыць любое іншадумства, але зразумелі, што ў іх нічога не атрымалася. Яны ўбачылі, што зараз не той час на вуліцы, каб дзейнічаць такімі метадамі. Артыкул даўно састарэў. Таму нават тыя арганізацыя, што зараз не зарэгістраваныя ў Беларусі, як дзейнічалі, так і вядуць працу сёння. І новых крымінальных спраў па гэтым артыкуле апошнім часам не было”.

Цімафей Дранчук быў арыштаваны 21 лютага 2006 году разам яшчэ з трыма актывістамі “Партнёрства” — Энірай Браніцкай, Аляксандрам Шалайкам і Мікалаем Астрэйкам — і асуджаны на 1 год  зняволення за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 22 снежня таго ж года суд Цэнтральнага раёна станоўча разгледзеў пытанне пра яго ўмоўна-датэрміновае вызваленне.

— Гэтая норма — перажытак мінулага, — кажа Цімафей Дранчук. — Я пазітыўна стаўлюся да дэкрыміналізацыі гэтага артыкула, але такая “лібералізацыя” падаецца крыху штучнай. Ды і сам артыкул быў штучным, бо яго прыдумалі, каб знішчыць сектар нефармальных грамадскіх арганізацый. І, па вялікім рахунку, улады дамагліся таго, чаго хацелі. Некаторыя арганізацыя перасталі існаваць, людзі, якія хацелі ствараць новыя структуры, былі запалоханы. А зараз у гэтым артыкуле няма ніякага практычнага сэнсу для ўладаў. Таму і вырашылі забіць адразу двух зайцаў. Паказаць Захаду крокі на шляху да дэмакратызацыі і проста “пачысціць” Крымінальны кодэкс, каб у ім не было такіх недарэчных артыкулаў.

— Але за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі прадугледжаны вялікія штрафы…

— Думаю, гэта будзе рэдкай справай. Калі захочуць даць штраф, то для гэтага знойдуць і іншыя нагоды. А судовыя працэсы па “палітычным” артыкуле ўладам не патрэбны.