Фота: БЕЛТА
Фота: БЕЛТА

Стратэгічным напрамкам працы беларускага парламента з’яўляецца пашырэнне адносін з Еўрапейскім саюзам па ўсіх напрамках. Такую заяву зрабіў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук 23 мая на сустрэчы з дэлегацыяй паслоў па асаблівых даручэннях краін — членаў ЕС па справах Усходняга партнёрства.

Дэлегацыю прадстаўлялі паслы па асаблівых даручэннях Польшчы, Нідэрландаў, Швецыі, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Літвы, Румыніі, Славакіі, Славеніі і Фінляндыі.

Наведванне парламента еўрапейскімі дыпламатамі Пірштук расцэньвае як “добры, пазітыўны момант”. “У нас ёсць пра што пагаварыць і што абмеркаваць”, — адзначыў ён.

Беларускі парламент, сказаў Пірштук, праводзіць “дастаткова актыўную знешнюю палітыку”. “Мы актыўна працуем на міжнародных пляцоўках. Упершыню ў гісторыі нашага парламента мы прынялі сесію Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У нас дастаткова амбіцыйныя планы: мы хацелі б больш актыўна і наступальна працаваць на розных міжнародных пляцоўках”, — заявіў віцэ-спікер.

Адным з асноўных напрамкаў стратэгічнага характару працы парламента Пірштук назваў пашырэнне адносін з Еўрапейскім саюзам, “прычым па ўсіх напрамках”, у тым ліку выбудоўванне эканамічных адносін. “Важна ўмацаваць нашу эканоміку. Напэўна вы ведаеце, што асноўны вектар нашага эканамічнага супрацоўніцтва знаходзіўся ў СССР, а затым у Расіі. Таму нам вельмі важна заняцца дыверсіфікацыяй эканомікі і пераразмеркаваць патокі такім чынам, каб была мінімальная залежнасць ад адной крыніцы. Таму мы павінны пераразмеркаваць патокі так, каб 30% прыпадала на Расію, 30% — ЕС, 30% — краіны далёкай дугі”, — сказаў ён.

Пірштук “з задавальненнем” адзначыў, што летась тавараабарот Беларусі з краінамі ЕС вырас практычна на 30% і склаў прыблізна 27% знешняга тавараабароту краіны. “Гэта добры сігнал, які пацвярджае, што мы знаходзімся на правільным шляху”, — падкрэсліў намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Поделиться: