Фота: Радыё Свабода
Фота: Радыё Свабода

Грамадзянін Японіі Даічы Ёшыда — мастак, асуджаны ў Беларусі за незаконны абарот зброі, вызвалены 22 мая з калоніі ў Віцебску.

27-гадовы Даічы Ёшыда, які працуе ў стылі манга (японскія коміксы), летам 2016 года ляцеў з Кіева ў Токіа транзітам праз Беларусь і ААЭ. У Мінску японца затрымалі за тое, што ў яго багажы выявілі дзесяць стрэльбавых замкоў і чатыры ствольныя скрынкі да вінтовак розных гадоў. Пазней высветлілася, што гэтыя дэталі малады чалавек набыў легальна ў кіеўскай антыкварнай краме, каб выкарыстоўваць у якасці навочнага дапаможніка для рэалістычнага выяўлення зброі ў сваіх манга.

Судом Кастрычніцкага раёна Мінска ад 28 красавіка 2017 года Даічы Ёшыда быў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч. 1 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнай саюза або Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь моцнадзейных, атрутных рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, выбуховых прылад, зброі масавага паражэння або сродкаў яго дастаўкі, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі) і да трох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў). Па сукупнасці злачынстваў мастаку было прызначана чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У пачатку лютага бацькі асуджанага японца звярнулася з лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Яны прасілі кіраўніка дзяржавы дапамагчы ў вяртанні дадому сына. Бацькі мастака «прысягалі сваім жыццём», пераконваючы Лукашэнку ў тым, што Даічы не дазволіў бы сабе нават у думках нашкодзіць Беларусі. «Мы вельмі спадзяемся, што спадар Лукашэнка дапаможа нам. Судовыя інстанцыі нас не выслухалі, таму мы звяртаемся наўпрост да кіраўніка дзяржавы. Мы спадзяемся, што ён атрымае ліст і злітуецца над Даічы», — заяўляла БелаПАН маці асуджанага.

4 мая судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пастанавіла змяніць прысуд у дачыненні да Даічы Ёшыды, прызначыўшы яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год дзевяць месяцаў без канфіскацыі маёмасці ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.