Ці будзе міністр адукацыі выкладаць у Нацыянальным універсітэце?

190

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім днямі задала шэраг вострых пытанняў міністру адукацыі Ігару Карпенку. “Народная Воля” пацікавілася закуліссем гэтай сустрэчы.

– Спадарыня Алена, ведаю, што вы абмяркоўвалі адразу некалькі важных пытанняў…

– Перш за ўсё размова вялася пра адкрыццё рознаўзроставых груп з беларускай мовай выхавання ў дзіцячых садках Першамайскага раёна Мінска. Што тычыцца рознаўзроставай групы, то міністр сказаў, што трымае пытанне на кантролі.

Таксама задавала міністру пытанні па Кодэксе аб адукацыі – чыноўнікі абяцалі, што дакумент паступіць у Палату прадстаўнікоў адразу на дзвюх мовах. Міністр пацвердзіў, што так і будзе. Але ж самі разумееце: паабяцаў – не значыць, што зрабіў. Сёння праблема ў тым, што некаторыя могуць шмат чаго наабяцаць, а калі справа даходзіць да выканання, то вельмі часта даюць задні ход.

Ці будзе міністр адукацыі выкладаць у Нацыянальным універсітэце?– А стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча з Ігарам Карпенкам абмяркоўвалі?

– Так, закідвала папярэднія пытанні. Аднак, паводле майго асабістага адчування, будзе вялікі супраціў таму, каб Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання распачаў сваю дзейнасць. Гэта, між іншым, вынікала і з нядаўняга інтэрв’ю “Нашай Ніве” Сяргея Каспяровіча, які ўзначальвае галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі. На думку гэтага чыноўніка, Беларусі не патрэбны асобны беларускамоўны ўніверсітэт, дастаткова тых, што ёсць.

Я нават не ведаю, як каментаваць пасаж пра тое, што патрэбна 20 заяў – і беларускамоўныя групы будуць адкрывацца ў любой навучальнай установе. Прабачце, але гэта лухта! Міністэрства адукацыі з’яўляецца заснавальнікам некалькіх універсітэтаў і магло б даўно абвясціць, што з гэтага ці з наступнага года набор на ўсе факультэты на ўсе спецыяльнасці будзе адбывацца на беларускай мове. І не трэба ніякіх заяў. Гэта чыста прававое рашэнне! Але замест гэтага нам чамусьці ўвесь час кажуць: калі хочаце па-беларуску навучацца, то павінны дадаткова нешта рабіць. А на рускай мове адразу забяспечана ўсё! Карацей, ёсць пытанні…

З іншага боку, я разумею, што само Міністэрства адукацыі цяпер перажывае не лепшыя часы, а мусіць рэфармавацца. Але, нягледзячы ні на што, справа па стварэнні ўніверсітэта будзе рухацца.

Дарэчы, і міністр таксама не сказаў, што будзе спрыяць і дапамагаць у стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта…

Увесь тэкст інтэрв’ю чытайце ў газеце “Народная Воля” за 22 мая 2018 года

Ахвяраванні на дзейнасць прыватнай адукацыйнай установы “Універсітэт імя Ніла Гілевіча” можна пералічыць на рахунак BY49BLBB30150193050167001001 BIC BLBBBY2X УНП 807000028 АКПА 37558116 (ААТ “Белінвестбанк”).