Сяргей Чалы да і пасля збіцця. Фота: Еўрарадыё / TUT.by
Сяргей Чалы да і пасля збіцця. Фота: Еўрарадыё / TUT.by

Уночы на 19 траўня ў цэнтры Мінска невядомыя напалі на незалежнага эканамічнага аналітыка Сяргея Чалага. У момант напада ён выходзіў з кавярні «Kuriza Pomada» па вуліцы Леніна, 8. Чалы быў не адзін — аднаго з яго сяброў таксама збілі, іншы паспеў адыйсці і бачыў збіццё збоку. Па яго словах, нападнікаў было пяцёра.

Сяргей Чалы — адна з самых нязручных персон беларускай медыясферы. Яго праграма «Эканоміка на пальцах» на TUT.by карыстаецца папулярнасцю не ў апошнюю чаргу таму, што ў ёй крытычна разбіраюцца дзеянні беларускіх чыноўнікаў і тых, хто мае на іх уплыў. Пасля збіцця Чалы апынуўся ў лякарні з разбітым тварам, зламаным носам і чэрапна-мазгавой траўмай. Па прагнозах дактароў, на ўзнаўленне спатрэбіцца месяц.

Сябры і калегі аналітыка не выключаюць, што збіццё звязанае з журнлісцкай дзейнасцю.

Еўрарадыё паразмаўляла з хлопцам, які быў побач з Сяргеем Чалым у момант нападу. Медыкі таксама дыягнаставалі ў яго чэрапна-мазгавую траўму, але не цяжкую — у лякарні пакідаць не сталі.

— Гэта было рэзка, са спіны. Мы з Сяргеем не чакалі. Сяргей паспеў крыкнуць: «За што?» — але яны не адказалі, білі моўчкі. Думаю, што мэты збіць мяне не было — мішэнню быў Сяргей, а мяне паклалі, бо я чалавек крупны. Яны дзейнічалі прафесійна — мы ўвогуле не заўважылі, адкуль яны ўзяліся. Проста раз — і я ўжо ляжу тварам на зямлі, і мяне па твары б’юць.

За чатыры гадзіны да нападу Сяргей Чалы (справа) зрабіў сэлфі з музыкам Сяргеем Пукстам (злева).
За чатыры гадзіны да нападу Сяргей Чалы (справа) зрабіў сэлфі з музыкам Сяргеем Пукстам (злева).

Еўрарадыё: Ці магло збіццё стаць працягам якой-небудзь сітуацыі, якая мела месца ў кавярні?

— Не. У «Kuriza Pomada» ўвогуле амаль не было людзей, і ў «Цэнтральным» [у бары ўніверасама «Цэнтральны» кампанія бавіла час да закрыцця а 23-й. — Еўрарадыё] ніякіх спрэчак не было. Я бачыў твар таго, хто мяне біў — светлыя валасы, светлая куртка. У кавярні яго не было.

Еўрарадыё: Які тады матыў?

— Дапускаю, што хлопцы маглі зрабіць гэта са спартовага інтарэсу. Таму што маглі. Але гэта такі сабе варыянт. У нас не забралі тэлефоны, то бок, гэта не гоп-стоп. Білі па тварах, а не па целе. А пасля збеглі.

Еўрарадыё: Што было пасля?

— Напад адбыўся прыкладна ў 0:30. Я не магу сказаць дакладна. У 0:11 я, яшчэ «цэлы», званіў па тэлефоне. У 0:49 я званіў і ўжо казаў, што пабіты. Напад адбыўся ў гэтым дыяпазоне. Наш сябра, які быў побач, выклікаў міліцыю — яна прыехала хвілінаў праз 15-20. Нас павазілі па горадзе, маўляў, бачыце гэтую кампанію, ці падобныя яны? Пасля адвезлі ў РУУС, прынялі ў Сяргея заяву, узялі тлумачэнні спачатку ў яго, пасля ў мяне. І прыкладна а 6-й раніцы выклікалі «хуткую».

Месца нападу. Скрыншот: «Яндэкс.Панарамы»
Месца нападу. Скрыншот: «Яндэкс.Панарамы»

На «Яндэкс.Панарамах» бачна як мінімум дзве камеры відэаназірання, усталяваныя побач з «Kuriza Pomada»: адна на сцяне суседняга дома, другая — з іншага боку, на сцяне ГУМа. Спадзяемся, што здымкі з гэтых камер дапамогуць міліцыянтам знайсці нападнікаў, і неўзабаве мы даведаемся, хто збіў Сяргея Чалага і яго сябра.

Поделиться: