Фота: СТВ
Фота: СТВ

Чым вялікія дырыжоры падобны на вялікія караблі? Яны таксама заўсёды ў плаванні, толькі ў сваім, музычным. Гады і нягоды – гэтых слоў для іх не існуе, адзін клопат – спадарожны вецер у ветразі.

Сёння найстарэйшаму дырыжору Беларусі, народнаму артысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі і Прэміі прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» прафесару Міхаілу Антонавічу Казінцу спаўняецца 80 гадоў. Як ён адзначыць свой юбілей? Стане за дырыжорскі пульт роднага калектыву – Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча – і дасць вялікі канцэрт. Толькі адбудзецца гэта не ў Мінску, а на радзіме маэстра – у горадзе Вілейцы. А сталічнай публіцы прыйдзецца пачакаць да восені: у наступным сезоне ў Белдзяржфілармоніі Міхаіл Казінец абяцае даць адразу тры юбілейныя канцэрты.

Я часам думаю, чаму Міхаіл Антонавіч выглядае такім маладым. Часта і з задавальненнем ходзіць пешшу? Правільна харчуецца? Любіць пахадзіць з касой па лузе? Гэта ўсё, як гаворыцца, дадаткі да асноўнай «стравы». Галоўнае – ён па-ранейшаму творча ненасытны, прагны да працы. Сам прызнаецца: музыка яго ўзрушвае, сцэна прыцягвае як магніт. Няма стомленасці ад працы. Так, кажа, пасля канцэрта, бывае, і пра ўзрост успомніш. А стаіш перад аркестрам – і парыш, як у нябёсах.

Міхаіл Антонавіч – чалавек мудры, таму ўмее быць, як кажа сам, дыктатарам над сабой: усяго ў творчасці ён дасягнуў шляхам найвялікшай самадысцыпліны і працавітасці. Быў хлопчыкам з вёскі, які бойка іграў на гармоніку. Аднавяскоўцы любілі запрашаць яго на вяселлі. Што яшчэ трэба чалавеку! Застаўся б у вёсцы – заўсёды быў бы сыты і нос у тытуні. Але ён з’ехаў з бацькоўскай хаты, пайшоў вучыцца, атрымаў дзве кансерваторскія адукацыі – па класе баяна і класе дырыжыравання. Упарта працаваў над сабой і нарэшце ў 1975 годзе стаў галоўным дырыжорам Нацыянальнага аркестра народных інструментаў, атрымаўшы гэтую пасаду як эстафету з рук самога заснавальніка калектыву – легендарнага Іосіфа Жыновіча.

Цяпер Нацыянальны акадэмічны народны аркестр – гэта сапраўдны музычны брэнд Беларусі, галоўны аркестр нашай краіны. І мы ад душы жадаем творчага палёту і новых дасягненняў яго таленавітаму мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору Міхаілу Антонавічу Казінцу!