Фота з сайта
Фота з сайта "Звязда"

Калектывы з Ірана, Балгарыі і Іспаніі ўпершыню будуць удзельнічаць у Міжнародным фестывалі тэатраў лялек у Мінску, паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік форуму, галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі, перадае БЕЛТА.

Паводле яго слоў, юбілейны, дзясяты фестываль, які пройдзе з 18 па 21 мая, упершыню прадставіць работы калектываў з Ірана, Балгарыі і Іспаніі. «Балгарыя мае моцныя традыцыі лялечнага мастацтва, — сказаў Аляксей Ляляўскі. — Цяпер у Балгарыі вырасла новае пакаленне, і гэта цікавыя, спецыфічныя работы сцэнографаў і мастакоў». Гледачам будзе прадстаўлены спектакль «Я, Сізіф» тэатра Puppert`s Lub з Балгарыі.

Прысутнасць у афішы іранскай пастаноўкі таксама тлумачыцца цікавымі працэсамі ў лялечным тэатры. Спектакль «І ён сказаў» калектыву Ariya group у праграме 20 мая. Гэта не новы спектакль, але вельмі цікавы, быў паказаны ў шэрагу краін, дзе сустрэты публікай з радасцю.

Яшчэ адным адкрыццём для гледача стане спектакль «Хутка, але не занадта» калектыву з Іспаніі Zero en Conducta.

Усяго за чатыры дні мінчане ўбачаць 14 спектакляў з 7 краін. «Па традыцыі праграма складаецца з дзвюх частак: замежных пастановак і беларускіх тэатраў. Пастаноўкі з-за мяжы прывабныя выкарыстаннем незвычайных форм, гэта работы, якія ўжо зарэкамендавалі сябе на міжнародных сцэнах. Беларускі складнік на форуме па традыцыі вельмі моцны», — дадаў Аляксей Ляляўскі.

Запланаваны майстар-класы і дыскусіі з гледачамі і крытыкамі. Цікавую праграму рыхтуе група «Нагуаль». Прагучаць кампазіцыі, напісаныя спецыяльна для тэатраў лялек, на музычным вечары 18 мая, які пройдзе ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

Спектаклі форуму можна ўбачыць на пяці пляцоўках горада — Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, Новага драматычнага тэатра, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а таксама на Малой сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра і Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны тэатр лялек.

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, дабаўце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя

16 − пять =