Фото с сайта Balakovo24.ru
Фото с сайта Balakovo24.ru

Новая рэдакцыя артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае зніжэнне мінімальных тэрмінаў пакарання для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, а канфіскацыю маёмасці прапануецца замяніць на штраф. Гэта прадугледжана праектам закона «Аб змяненні некаторых кодэксаў Рэспублікі Беларусь», які паступіў у Палату прадстаўнікоў у канцы мінулага тыдня.

Законапраект апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, незаконныя з мэтай збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка або незаконны збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў, якія цяпер караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 8 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі , будуць карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў, са штрафам або без.

Такія ж дзеянні, учыненыя групай асоб, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо асобай, якая раней учынiла аналагічныя злачынствы, альбо ў дачыненні да наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у буйным памеры, альбо ў дачыненні да асабліва небяспечных наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў або аналагаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, вайсковай часткі, папраўчай установы, арыштнага дома, у месцах утрымання пад вартай, лячэбна-працоўным прафілакторыі, у месцы правядзення масавага мерапрыемства альбо заведама непаўнагадоваму — караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў са штрафам або без (раней мінімальнае пакаранне складала 8 гадоў).

Дзеянні, учыненыя групай асоб, як і раней, прадугледжваюць пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 20 гадоў, але са штрафам замест канфіскацыі.

Нагадаем, змяненняў нормаў КК па арт. 328 дамагаюцца актывісткі ініцыятывы «Матчыны рух 328», якія ў канцы красавіка абвясцілі з гэтай мэтай масавую галадоўку.

8 мая адбылася сустрэча Лукашэнкі са старшынёй Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам. Пасля сустрэчы Сукала паведаміў журналістам, што кіраўнік дзяржавы выступае супраць паслаблення крымінальнай адказнасці для распаўсюджвальнікаў наркотыкаў. «Кіраўнік дзяржавы адназначна сказаў, што паслабленні ў дачыненні да збытчыкаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў быць ніякага не можа. У дачыненні да спажыўцоў магчымыя нейкія паслабленні і паблажкі. А што тычыцца той формы, якая сёння абраная групай маці, то гэта з’яўляецца недапушчальным, гэта націск і ўмяшанне ў правасуддзе. І гэта не той спосаб, які павінен быць у нас», — сказаў старшыня Вярхоўнага суда.