Фота: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Законапраект «Аб выкарыстанні і ахове першага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь» прэзентавала 14 мая ў Мінску дэпутат Палаты прадстаўнікоў член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.

Дакумент рэгулюе прававыя асновы выкарыстання, папулярызацыі і аховы першага дзяржаўнага сцяга краіны, «які мае асаблівае гістарычнае і духоўна-маральнае значэнне для Рэспублікі Беларусь».

Канапацкая прапануе ў заканадаўстве замацаваць магчымасць свабоднага выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга. «Бел-чырвона-белы сцяг можа выкарыстоўвацца падчас дзяржаўных святаў і святочных дзён, а таксама на ўрачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі органамі, юрыдычнымі асобамі і грамадзянамі падчас народных, працоўных, сямейных святаў і ў іншыя памятныя даты, пры забеспячэнні павагі да бел-чырвона-белага сцяга», — гаворыцца ў праекце.

Дэпутат ініцыюе норму аб тым, што грамадзяне павінны з павагай ставіцца да «першага дзяржаўнага сімвала» Беларусі. Канапацкая лічыць неабходным надзяліць мясцовыя саветы дэпутатаў правам «абавязаць дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі вывешваць бел-чырвона-белы сцяг адначасова з дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у вызначаныя дні альбо пастаянна».

Акрамя таго, у законапраекце ёсць норма, згодна з якой стварэнне перашкод правамернаму выкарыстанню бел-чырвона-белага сцяга і здзек з яго цягне адміністрацыйную адказнасць.

«Улічваючы гістарычную каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга», Міністэрству культуры прапануецца ўнесці яго ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Канапацкая падкрэсліла, што прэзентацыя праекта адбылася 14 мая наўмысна: у 23-ю гадавіну рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі. «На жаль, стварэнне гэтага законапраекта — толькі першы маленькі крок да таго, каб ён быў пакладзены на стол у Палаце прадстаўнікоў. І нас яшчэ чакае вялікая праца», — заявіла дэпутат.

Парламентарый таксама абвясціла аб пачатку кампаніі па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку законапраекта.

Прэзентацыя дакумента ў сталічным бізнес-цэнтры «Вікторыя» сабрала прыблізна 100 чалавек, у тым ліку апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх актывістаў і гісторыкаў. Напрыканцы мерапрыемства слова паспрабаваў узяць Валерый Вінаградаў, які назваў сябе прадстаўніком незарэгістраванага «Саюза рускага народа», аднак удзельнікі з ужываннем сілы спачатку адвялі яго са сцэны, а затым вывелі з залы.

НАПІСАЦЬ АДКАЗ

Калі ласка, дабаўце ваш каментар!
Калі ласка, увядзіце ваша імя

4 × 3 =