Фота з сайта Politring.com
Фота з сайта Politring.com

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка не можа сказаць, як зменіцца кошт электраэнергіі для насельніцтва пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС. «Складанае пытанне задаяце», — сказаў чыноўнік журналістам 14 мая ў Сочы (Краснадарскі край РФ) на форуме «Атамэкспа».
Ён нагадаў, што стаіць задача на працягу двух гадоў выйсці на поўнае пакрыццё насельніцтвам затрат на электраэнергію. Паводле слоў чыноўніка, два гады таму жыхары Беларусі аплачвалі толькі 28-30% ад сабекошту электраэнергіі, а цяпер — каля 85%. «Але гэта, як правільна ставіць задачу наш прэзідэнт, павінна быць па меры росту рэальнай заработнай платы і забеспячэння пенсіяй», — падкрэсліў ён.

Новыя і мадэрнізаваныя цеплавыя электрастанцыі знізілі сабекошт кілават-гадзіны электраэнергіі да 4,6 цэнта, а з запускам АЭС яна паменшыцца яшчэ больш.

«Мы ставім задачу ў цэлым па Беларусі вельмі сур’ёзна падтрымаць рэальны сектар эканомікі, каб дзесьці 10 цэнтаў за кілават-гадзіну плацілі прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі, той жа МАЗ, БелАЗ. Яшчэ тры гады назад у нас сярэдні тарыф для рэальнага сектара быў 13,7 цэнта, сёння — 11 цэнтаў. Шмат будзе залежаць ад таго, як мы вырашым праблему з газам, і ад таго, як мы ўвядзем АЭС», — заявіў Сямашка.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі. Для яе будаўніцтва абраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.