Ульяна Захаранка
Ульяна Захаранка, 2016 год, фота svaboda.org

На 95-ым годзе жыцця памерла Ульяна Захаранка. Пра гэта паведаміла ў Facebook кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.
Як паведаміла Свабодзе Раіса Міхайлоўская, апошні тыдзень Ульяна Захаранка пачувалася слаба, амаль не ўставала.

Былы міністр унутраных спраў Беларусі, адзін з лідараў апазіцыі Юрый Захаранка быў скрадзены ў Мінску невядомымі 7 траўня 1999 году. Што далей з ім стала — невядома.
Ульяна Захаранка двойчы накіроўвала скаргі аб знікненні сына ў Камітэт правоў чалавека ААН (КПЧ ААН). Раіса Міхайлоўская паводле даверанасці з’яўляецца прадстаўніцай Ульяны Захаранкі і мае намер працягваць займацца справай Юрыя Захаранкі ў КПЧ ААН да яе заканчэння.

У сакавіку 2017 году ў адказ на першую скаргу КПЧ ААН абавязаў Рэспубліку Беларусь правесці расследаванне знікнення Юрыя Захаранкі і выплаціць кампенсацыю. Паводле Раісы Міхайлоўскай, беларускі бок рашэнне КПЧ ААН праігнараваў, бо лічыць, што яно мае рэкамендацыйны характар.

1 жніўня 2016 году Мінскі гарадскі суд не задаволіў хадайніцтва Ульяны Захаранкі аб прызнанні яе сына памерлым. У адказ на гэтае рашэнне Ульяна Захаранка накіравала другую скаргу ў КПЧ ААН. Два тыдні таму Раісе Міхайлоўскай паведамілі, што КПЧ ААН камунікуе з беларускай дзяржавай і цягам паўгоду Рэспубліка Беларусь мусіць даць сваю рэакцыю на скаргу Захаранкі.