Падсудны Юры Іваноў. Фота з сайта Радыё Свабода
Падсудны Юры Іваноў. Фота з сайта Радыё Свабода

Аляксандар Лукашэнка «разабраўся» ў справе аб забойстве жанчыны ў Магілёве за адну ноч. Вярхоўнаму суду спатрэбілася 45 дзён.

11 траўня ў Вярхоўны суд абвясьціў вырак у справе Юрыя Іванова, абвінавачанага ў забойстве магіляўчанкі Сьвятланы Паддубскай.

Іваноў прызнаны вінаватым у забойстве Паддубскай і ў крадзяжы ейнай маёмасьці, дакумэнтаў, а таксама ў спробе зьнішчыць маёмасьць. Суд прызначыў пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 21 год. Таксама ён павінен выплаціць сям’і забітай 300 тысяч рублёў.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што дапамог раскрыць крымінальную справу «аб забойстве жыхаркі Магілёўскай вобласьці некалькі гадоў таму», 1 лютага. Паводле Лукашэнкі, да яго зьвярнуўся незадаволены першым разглядам справы бацька забітай. Лукашэнка папрасіў даслаць матэрыялы, вывучыў іх і «даў каманду пракурору і старшыні КДБ, чаго б ні каштавала, расьсьледаваць гэтую крымінальную справу».

Ужо празь некалькі дзён пасьля гэтага Генпракуратура паведаміла, што «пасьля завяршэньня новага папярэдняга расьсьледаваньня» вынесены ў лютым 2010 году апраўдальны прысуд Магілёўскага абласнога суду быў адменены, а крымінальная справа накіраваная на паўторны разгляд у Вярхоўны суд.

Першы разгляд справы аб забойстве дачкі Леаніда Сьляпнёва скончыўся апраўданьнем абвінавачанага Юрыя Іванова і яго вызваленьнем з-пад варты. Судзьдзя ў размове з журналісткай парталу TUT.BY прызнавалася, што гэта быў першы апраўдальны прысуд у справе аб забойстве за яе карʼеру.

Другі разгляд справы аб забойстве Сьвятланы Паддубскай пачаўся ў Вярхоўным судзе 27 сакавіка. На працэс прыехаў бацька забітай Леанід Сьляпнёў з унукам, прысутнічала таксама маці абвінавачанага Сьвятлана Іванова. Яе сын у першыя хвіліны працэсу заявіў, што віны не прызнае і сваю былую знаёмую не забіваў. Як і падчас першага працэсу Юрый Іваноў сьцьвярджаў, што паказаньні супраць сябе даваў пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі.

Акрамя родных забітай і абвінавачанага на працэсе апыталі каля двух дзясяткаў сьведак. У выніку пракурор выступіў з заявай, у якой паведаміў пра даказанасьць віны Іванова і запатрабаваў для яго 22 гады зьняволеньня. Адвакат абвінавачанага настойвае на невінаватасьці свайго падабароннага.

Падчас спрэчак бакоў з пазыцыяй пракурора не пагадзіўся і бацька забітай Сьвятланы Паддубскай. Ён лічыць, што Юрый Іваноў павінен быць расстраляны.