Мая Абромчык. Фота з архіву nn.by
Мая Абромчык. Фота з архіву nn.by

Камітэт правоў чалавека ААН стаў на бок Маі Абромчык, якая падала скаргу на Рэспубліку Беларусь. Пра гэта паведамляе Радыё «Свабода» са спасылкай на расійскага адваката Сяргея Галубка.

Нагадаем, што 19 снежня 2010 года падчас разгону мірнай вулічнай акцыі міліцыянты зламалі дзяўчыне нагу.

Камітэт ААН вырашыў, што Мая Абромчык назірала за мірным сходам у цэнтры Мінска і была збітая міліцыянтам, які зламаў ёй нагу. У выніку яна правяла сем дзён у шпіталі. Камітэт ААН лічыць гэтае збіццё парушэннем правоў чалавека, а адказныя за яго засталіся непакаранымі.

У сваім рашэнні Камітэт ААН па правах чалавек адзначае: «Камітэт лічыць, што пададзеныя факты паказваюць, што дзяржава не здолела адэкватна расследаваць абвінавачанні. У гэтым выпадку дзяржаўны бок абавязаны: а) правесці поўнае і эфектыўнае расследаванне абвінавачанняў заяўніцы пра жорсткае абыходжанне, прыцягнуць да адказнасці вінаватых і пакараць іх адпаведнымі мерамі; в) даць адэкватную кампенсацыю, у тым ліку пакрыццё любых судовых і медычных выдаткаў, а таксама нематэрыяльных стратаў заяўніцы; с) прынесці афіцыйныя прабачэнні заяўніцы».

Праўда, надзеяў на тое, што дзяўчына атрымае нейкую кампенсацыю, амаль няма: Беларусь паслядоўна адмаўляецца выконваць рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека.