Fionna Gibb
Фіёна Гібб, фота з сацыяльных сетак

Сусветны дзень свабоды друку, які адзначаўся ўчора, 3 мая, «Прэс-клуб Беларусь» адзначыў медыя-сняданкам з Паслом Вялікабрытаніі Фіёнай Гіб. У нефармальнай абстаноўцы спадарыня Пасол распавяла журналістам, што яна плануе працаваць у Беларусі яшчэ 15–16 месяцаў. Заканамерна гучала першае пытанне: што ж, на яе думку, самае складанае ў працы ў Мінску? Спадарыня Гіб, якая да нашай краіны працавала ў дыппрадстаўніцтвах сваёй краіны ў Емене, Самалі, Іраку, сказала, што ў Беларусі цудоўна, таму што перш за ўсё бяспечна. Далей яна працягнула:

– Што тычыцца працоўных абавязкаў, то так, мы сутыкаемся з пэўнымі выклікамі. Дэмакратычныя рэформы адбываюцца павольна, але Беларусь рухаецца ў правільным напрамку ў плане рэформ і дэмакратызацыі.

– Як бы вы ацанілі ступень свабоды прэсы ў Беларусі?

– Пытанне ў тэму дня. Я ведаю, што цяпер у парламенце Беларусі прайшло першае слуханне паправак у Закон аб сродках масавай інфармацыі. З сакавіка мы спрабуем атрымаць аўдыенцыю ў міністра інфармацыі, каб абмеркаваць пытанні свабоды прэсы. Пакуль не ўдалося дамовіцца аб сустрэчы. Зразумела, мы звярталі ўвагу на падзеі 25 сакавіка мінулага года, калі ў краіне арыштоўваліся журналісты. Звярталі ўвагу на затрыманні, якія адбываліся 25 сакавіка ў гэтым годзе. Беларускія журналісты рэгулярна павінны выплачваць штрафы, на іх аказваецца ціск. Мы выступаем за далейшую дэмакратызацыю і стварэнне ўмоў для працы свабоднай і незалежнай прэсы. Калі мы праводзім мерапрыемствы, для асвятлення сваёй дзейнасці заўсёды запрашаем дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ. Напрыклад, у бліжэйшыя некалькі месяцаў у нас плануецца азнаямленчая паездка ў Вялікабрытанію, куды мы запросім прадстаўніка БЕЛТА і журналістаў недзяржаўных СМІ.

Што тычыцца сённяшніх урачыстых мерапрыемстваў – выставы “СМІ ў Беларусі”, – нас запрашалі ўзяць у іх удзел, арганізаваць брытанскі стэнд. Але мы адмовіліся. Хоць першапачаткова звярталіся ў Мінінфарм з пытаннем, каму з незалежных СМІ накіроўваліся таксама запрашэнні для ўдзелу. Атрымлівалі супярэчлівыя адказы: чыноўнікі адказвалі, што запрашэнні былі дасланы ўсім. Але калі мы звярталіся да незалежнай прэсы, то высвятлялася, што запрашэнняў не было. Але мы ўсё роўна працягваем штоадовы дыялог аб правах чалавека. Гэта адно з мерапрыемстваў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, у якім заўсёды закранаецца тэма свабоды СМІ. Зразумела, мы абмяркоўваем гэтую тэму не раз у год, а робім гэта рэгулярна.

– У сувязі з тым, што Брытанскі Савет сышоў з Расіі, ці не плануецца яго вяртанне ў Беларусь?

– Я з задавальненнем аднавіла б дзейнасць Брытанскага Савета ў Беларусі, але на самай справе гэта напалову аўтаномная структура, і Міністэрства замежных спраў не прымае рашэнне аб яго працы. Яго павінен прыняць сам Брытанскі Савет. Калі раптам высветліцца, што ў іх вызваляюцца сродкі ад закрыцця офіса ў Маскве, то ў гэтым выпадку яны могуць разгледзець адкрыццё свайго офіса ў якім-небудзь яшчэ рэгіёне. Дарэчы, 16 чэрвеня мы будзем арганізоўваць Брытанскі фестываль, і там будзе асобны стэнд Брытанскага Савета. Прыходзьце на плошчу Свабоды і задайце самі ім гэтае пытанне.

Поўны тэкст інтэрв’ю чытайце ў газеце “Народная Воля” за 4 мая 2018 года