Чарнобыльскі шлях-2018. Акцыя ў падтрымку палітвязняў. Фота nv-online.info
Чарнобыльскі шлях-2018. Акцыя ў падтрымку палітвязняў. Фота: Віталь Гарбузаў

28 красавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска да 7 сутак арышту прысудзілі актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага. Пра гэта Свабодзе распавяла журналістка Любоў Лунёва, якая прысутнічала ў судзе.

Вінярскага абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (парушэнне арт. 23.34 КаАП).

«Яго судзілі за пікет 26 красавіка, які адбыўся падчас збору Чарнобыльскага шляху, але па іншым баку праспекта. Паколькі гэта ўжо Першамайскі раён, то там і судзілі», — кажа Лунёва.

Вінярскага затрымалі пасля таго, як ён выйшаў з дома ў краму. Актывіст прасіў замяніць пакаранне на штраф, бо дома ў яго засталася 76-гадовая маці, якую ён даглядае.

«Маці Вінярскага мае гіпертанію, і ёй нельга хвалявацца. А яна нават не ведае, куды знік сын. Выйшаў у краму і знік. Ён прасіў даць іншае пакаранне, абы не суткі, але не атрымалася», — распавяла Любоў Лунёва.

Сам актывіст паспеў распавесці прысутным, што лічыць сваё затрыманне спробай нейтралізацыі напярэдадні акцыі 1 траўня.

Таксама ў суд даставілі даставілі актывістку Вольгу Мікалайчык.  Прытым, Мікалайчык была затрымана сілай, быў выламаны замок ва ўваходных дзвярах, пра што распавёў у сваім Фэйсбуку праваабаронца Сяргей Сыс. Пазней стала вядома, што Вольга Мікалайчык таксама атрымлаа 7 сутак арышту.

26 красавіка актывісты ўдзельнічалі ў акцыі «Чарнобыльскі шлях». Аднак да пачатку шэсця яны сабраліся не каля кінатэатра «Кастрычнік», а цераз дарогу, насупраць будынка Акадэміі навук. Актывісты разгарнулі плакаты з партрэтамі зняволеных Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага, Змітра Паліенкі і Святаслава Барановіча, а затым запалілі фаеры.