Ксёндз Кшыштаф Пасвята

Ксёндз Кшыштаф Пасвята CSMA нясе служэнне ў мястэчку Гатава пад Мінскам, дзе будуе новы касцёл. Але cкончыць распачатую будоўлю не паспее — да 30 красавіка ён павінен выехаць з Беларусі. За апошні год ён тройчы перавысіў хуткасць на дарозе, у выніку яму адмовілі ў падаўжэнні дазволу на служэнне, паведамляе сайт catholic.by.

Перамовы выніку не далі

27 красавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў сустрэчу з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанідам Паўлавічам Гулякам, падчаc якой вырашалася, ці зможа кс. Кшыштаф несці далейшую працу на Беларусі.

Але пазітыўных навін сустрэча не прынесла.

Згодна з Пастановай аб прабыванні замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прынятай у Беларусі ў 2008 годзедва і больш адміністратыўныя парушэнні могуць прывесці да адмовы ў прабыванні.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на наступны момант:

«Закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе, гаворыць, што замежнік можа не атрымаць візу, калі мае пяць і больш адміністратыўных правапарушэнняў.

Гаворка ідзе пра пяціразовае парушэнне, а не двух- ці трохразовае. Выходзіць, замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і святар. Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных святароў.

Ніхто не ставіць пад сумнеў, што беларускія законы павінны захоўвацца, але гэты юрыдычны аспект варта ўлічваць».

Афіцыйнай прычынай неўзгаднення далейшага служэння сталі парушэнні правіл дарожнага руху.

Дазвол на служэнне заўсёды выдаваўся на пэўны тэрмін: тры месяцы, паўгода, год. І праз пэўны час яго трэба было працягваць. І так з усімі замежнымі святарамі і кансэкраванымі асобамі, якія працуюць у Беларусі.

Святар не адмаўляе: так, парушэнні былі.

«Галава часта забітая клопатамі пра служэнне, пра парафію — і не заўсёды, націскаючы на педаль, бачыш, на якой хуткасці едзеш. Але калі парушыў, можна забраць аўтамабіль, забараніць ездзіць на нейкі перыяд, але навошта высылаць мяне з Беларусі, якую я так палюбіў?..» — уздыхае святар.

Будаўніцтва касцёла

Упершыню ў Беларусь кс. Кшыштаф прыехаў у 1992 годзе яшчэ дыяканам. Тады яго вельмі кранула вера беларусаў і іх гасціннасць. Праз 20 гадоў ён вырашыў прыехаць сюды ўжо на душпастырскую працу.

Сёння святар-міхаліт — пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве. Дзякуючы яго намаганням тут быў узведзены пастырскі цэнтр для дзяцей і моладзі з капліцай і араторыем. А цяпер ідзе будаўніцтва касцёла. Гэта будзе пяціметровая святыня, адна з вежаў якой будзе дасягаць 35 метраў у вышыню. Першы паверх касцёла ўжо ўзведзены.

Польскага святара высылаюць з Беларусі за парушэнне правіл дарожнага руху
Будаўніцтва касцёла

«Касцёл разлічваем пабудаваць за пяць гадоў, гэта будзе першая каталіцкая святыня ў Гатаве», — адзначае святар. 

«На тэрыторыі парафіі, да якой адносяцца таксама прылеглыя Міханавічы і Мачулішчы, жыве каля дзевяці тысяч чалавек. Тут ёсць царква, касцёла ж яшчэ не было».

Фота і размова са святаром па спасылцы