Егуда Пен
Выява з аўкцыёна

За 4 дні кошт карціны Юдэля Пэна, выстаўленай на адзін з беларускіх інтэрнэт-аўкцыёнаў 24 красавіка, узняўся да 6250 рублёў. І гэта нягледзячы на тое, што сапраўднасць працы дагэтуль выклікае сумневы ў пакупнікоў.

У распараджэнне Еўрарадыё трапіла копія атрыбуцыйнага заключэння карціны, выдадзенага ў Нацыянальным мастацкім музеі. Экспертыза высветліла, што праца апынулася аўтарызаванай копіяй іншай карціны. Яна належыць пэндзлю Юдэля Пэна — яго аўтарства “можа быць пацверджанае”. Але сапраўдны аўтар сюжэта, скапіяванага віцебскім мастаком — невядомы еўрапейскі майстар XVIII-XIX стагоддзяў.

У атрыбуцыйным заключэнні сказана, што кампазіцыйна і пластычна карціна не характэрная для творчасці Юдэля Пэна сярэдзіны 1900-х гадоў. «Твор вывучаны візуальна і з дапамогай тэхніка-тэхналагічных метадаў даследавання. Даследаванне ў інфрачырвоных праменях паказала добра распазнавальны, не перакладны аўтарскі малюнак і маштабную сетку-разбіўку палатна на квадраты, якая ўжываецца пры капіяванні малюнка іншых памераў».

Па словах экспертаў, відавочна, што карціна з аўкцыёна — копія іншага твора. Гэта пацвярджаецца наяўнасцю сеткі-разбіўкі пад пластом фарбы. Верагодней за ўсё, карціна капіявалася з гравюры, рэпрадукцыі ці фатаграфіі, то бок з чорна-белага малюнка, што дазволіла Ю. Пэну паставіць подпіс на гэтай працы як на творчай аўтарызаванай копіі.

Карціна Юдэля Пэна на беларускім аўкцыёне апынулася копіяй іншага твораНе ўсё так проста і з датаваннем карціны: «Дата «1905», якая змешчаная ў надпісе на абароце палатна, можа быць як датай стварэння карціны, так і датай нанясення надпісу. Таму можна сцвярджаць толькі, што карціна была створаная не пазней за 1905 год».

Подпіс на карціне можа быць сапраўдным подпісам Юдэля Пэна: ён «мае рысы падабенства з надпісам на абароце, а таксама з пэўнымі ўзорамі подпісаў Ю. Пэна. Аднак наяўнасць аўтарскіх надпісаў на абароце не характэрная для прац Пэна. Магчыма, ён быў зроблены для ўдзелу ў выставе, або, што хутчэй за ўсё, яна была выкананая на замову ці прызначалася для падарунка».

Пры гэтым усім эксперты прыйшлі да высновы, што карціна мае «мастацкую, культурную, музейную і гістарычную каштоўнасць».

Продаж карціны пачаўся з аднаго рубля. Сёння за карціну прапануюць 6250 рублёў. Але гэта не шмат: у Расіі за працы Пэна просяць да $90 тысяч. Да канца аўкцыёна засталося яшчэ тры дні.