Чарнобыльскі шлях-2018. Фота nv-online.info

Сёння ў Мінску адбылася памятная акцыя ў знак 32-ой гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС – Чарнобыльскі шлях.

Дэманстрацыя дазволена Мінгарвыканкамам. Сход пачаўся на 18:00 каля кінатэатра “Кастрычнік”. Шэсце было запланавана па традыцыйным маршруце, ад Акадэміі навук да капліцы ў Парку Дружбы народаў, дзе пасля 20:00 арганізаваны мітынг і супольная малітва.

Сярод заяўнікаў акцыі – прадстаўнікі 7 беларускіх дэмакратычных партыяў і арганізацыяў: Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху „За Свабоду”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Руху салідарнасці „Разам”, Беларускай партыі „Зялёныя” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Між іншым, на арганізацыю і правядзенне мерапрыемства запускалася грамадская кампанія па зборы сродкаў на “Талацэ”: кампанія сабрала 300 рублёў, або 6% ад запланаванай сумы.

18:00

Каля кінатэатра “Кастрычнік” – некалькі соцен чалавек з транспарантамі на тэму экалагічных праблемаў пасля ЧАЭС. Прысутнічаюць Юрась Губарэвіч, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі; сімволіка БХД і БСДП (Грамада), бел-чырвона-белыя сцягі.

Праз дарогу, на баку Акадэміі навук праходзіць акцыя за вызваленне палітвязняў – Зміцера Паліенкі, Міхаіла Жамчужнага і інш.

Чарнобыльскі шлях-2018. Фота: Віталь Гарбузаў, nv-online.info

Па падліках “НВ”, на плошчы – каля 300 чалавек. Мітынгоўцы з плакатамі за палітвязняў бесперашкодна перайшлі на пляцоўку да кінатэатра.

Актывісты паказваюць перфоманс, нагадваючы пра скандальны інцыдэнт з падзеннем корпуса рэактара Астравецкай АЭС улетку 2016 года.

Чарнобыльскі шлях-2018

Прысутнічаюць палітычныя лозунгі. Прадпрымальнік і актывіст “Дзеі” Алесь Таўстыка мітынгаваў з партрэтам Лукашэнкі і сцягамі Італіі, Фінляндыі, Польшчы, Швецыі, Германіі, ЗША. Мітынгуе Моладзь БНФ.

18:30

Калона выстраілася і рушыла шэсцем. Наперадзе калоны – разгорнуты транспарант Чарнобыльскага шляху і сімвалічны звон, ідуць арганізатары – Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, Уладзімір Сіўчыкаў.

Таццяна Новікава, актывістка антыядзернай кампаніі: “…Чарнобыль доўга замоўчвалі. Каля 1,5 млн чалавек сёння жывуць на забруджанай тэрыторыі і працягваюць хварэць… Яны не проста захворваюць і паміраюць – яны доўга хварэюць на рак, у разы вырасла колькасць дзяцей, якія хварэюць на рак шчытавіднай залозы… У нас дзеці інваліды і … мы хочам новых інвалідаў?”

“Нельга ставіць краіну ў энергетычную залежнасць на 30% ад адной крыніцы, як запланавана праектам Астравецкай АЭС. Тое, што рэактар зваліўся – адзін упаў, другі памялі, потым здарыліся пажары. І тое, што пачалі будаўніцтва без праекта, без ліцэнзіі – вось гэта праблема.”

18:55

Калона ідзе па вуліцы Сурганава. Дарожны рух не перакрывалі, ДАІ каардынуе калону на пераходах.

Ніна Багінская, актывістка: “Нічога не змянілася. Зноў нам хочуць упіхнуць расейскую станцыю, між іншым ужо пашкоджаную. У той час як трэба выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. У нс ёсць гідраэлектрастанцыі, ветракі і сонечная энергія.

Яшчэ ў нас адбываецца духоўны Чарнобыль. У 1995 годзе на рэферэндуме быў здзёрнуты бел-чырвона-белы сцяг з Дома ўраду, мова беларуская стала другаснай. Такой русіфікацыі не адбывалася нават пры Савецкім саюзе, хаця я і не хвалю Савецкі саюз… Народ з’язджае з краіны, бо няма працы, беларуская мова затаптная, колькасць беларускамоўных школ знізілася, іх амаль няма.”

Гучаць лозунгі “Жыве Беларусь!”, “Астравец – другі Чарнобыль”.

19:05

Калона амаль падышла да Плошчы Бангалор. Калона рухаецца ў трох частках, чакаючы на зялёнае святло.

Вольга Кавалькова, БХД: “Не ўражвае ні атмасфера, ні колькасць удзельнікаў. Мы бачым, што Чарнобыльскі шлях у цяперашнім фармаце вычэрпвае сябе, трэба рабіць новыя мерапрыемствы, каб больш людзей далучалася. Пасля сённяшняй акцыі арганізатарам, у тым ліку і мне, трэба падумаць пра фарматы. Бо атрымоўваецца толькі вузкае кола.”

Юрась Лукашэвіч, БНФ: “Пакуль ніхто не прапанаваў лепшы фармат. Трэба абдумаць новы фармат, напрыклад, канцэрт-рэквіем… У наступным годзе пачнем рыхтавацца не за месяц, як звычайна, а крыху раней.”

19:20

Калона падышла да парка Дружбы народаў. Усяго ўдзельнікаў ад 300 да 500 чалавек, па падліках незалежных назіральнікаў – 420 чалавек.

Алесь Таўстыка, прадпрымальнік, актывіст руху “Дзея” прыйшоў на акцыю з інсталяцыяй – партрэт Лукашэнкі, сцягі Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некалькі іншых, і ліст. Вось як ён патлумачыў сваю пазіцыю: “Я чакаў, што ў гэты дзень Лукашэнка скажа шчырыя словы падзякі простым еўрапейцам за падтрымку нашых дзетак, якія давалі сродкі на лячэнне, вывозілі іх на аздараўленне.

Ён гэтага не сказаў, але сказаў: я адсочваю – з чым вы прыходзіце на акцыі, і буду рэагіраваць. Вось я і напісаў адкрыты ліст, зварот з заклікам выказаць словы падзякі еўрапейскім краінам.

А тут ніжэй – словы Давыдзькі: чаму вы на 25-га сакавіка не прыйшлі з партрэтам Лукашэнкі? Вось я і адказваю яму: а колькі чалавек Давыдзька выведзе чалавек з Белай Русі з партрэтам Лукашэнкі на мітынг 1 мая?”

Таксама прысутнічаюць Маці руху 328, іх каля 50 чалавек. Яны распавядаюць пра тое, што намагаюцца амністыі для сваіх дзяцей па наркатычным артыкуле 328. Як распавядае адна з актывістак, па яе меркаванні, за краты патрапілі маладыя дзеці, якія не распаўсюджвалі наркотыкі, і нават не былі сістэмнымі спажыўцамі. “Мы супраць наркотыкаў, але за справядлівыя суды. Дзіцё, упершыню аступіўшыся, мае права на шанец. Але не сядзець у турме 10 гадоў.”

19:45

Каля капліцы ў Парку Дружбы народаў пачаўся мітынг хвілінай маўчання ў памяць пра ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Мітынгам кіруе Павел Севярынец.

Выступіў Іван Альбінавіч Віткоўскі, ліквідатар на ЧАЭС:

“Я быў ліквідатарам. Мы рабілі так, каб не рэактар намі ўпраўляў, а мы ім. Былі сільно велікіе проблемы са здароўем. Відна ж па мне. Пры той ўладзе, што была, я карыстаўся ільготамі, каб лячыцца, на камунальныя паслугі, на праезд. Я перажыў дзве перарэгістрацыі… Я меў пасведчанне, там было напісана – удзельнік ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Трэцюю перарэгістрацыю я не перажыў. У мяне забралі імя. Я ўжо не ліквідатар – я пацярпелы. Сказалі, што тыя сродкі пойдуць на развіццё пацярпелых рэгіёнаў. Але няма чаго там развіваць. Ездзіў у сваю вёску Грушаўку – няма там нічога, хату закапалі… Галоўны ліквідатар прыедзе, на камеру малака пап’е. А тут, хто жыве, некалькі разоў на дзень тое малако пап’е…

Іван Віткоўскі
Іван Віткоўскі

Дочку маю абнесла. А ў унучкі – тыя ж сімптомы, як у мяне… Эпілепсія, адставанне па вучобе… І мне не за ільготы абідна, а за тое, што забралі імя ліквідатара.”

20:00

Выступіў Аляксандр Кабанаў па праблеме будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. Актывіст адзначыў, што ў горадзе было сабрана 40 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва, але гэта не дало плёну. Акумулятарны завод поўнага цыклу, па меркаванні актывістаў, нанясе непапраўную шкоду мясцовай экалогіі.

20:05

Выступае эколаг Таццяна Новікава. Яна нагадвае пра тое, якую шкоду наносяць радыёактыўныя адходы прыродзе: “Для поўнага распаду стронцыю патрэбна 300 год, цэзію – 300 год, плутонію – 240 тысяч год, радыёактыўнаму ёду – 129. Будаўніцтва Астравецкай АЭС пачалося без кансультацыі з эколагамі, без праектнай дакументацыі, з парушэннямі. Застаўся адзін год да таго, як у Беларусь завязуць радыёактыўнае паліва.”

Таццяна Новікава заклікала варушыць праблему і далучыцца да Астравецкага шляху, які будзе праходзіць штомесяц 26-га чысла ў беларускіх гарадах па чарзе: першы горад – Заслаўе, пасля – Радашковічы, Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны, і ў лістападзе Астравец.

20:15

Выступілі кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў, актывістка БХД Вольга Кавалькова.

20:20

Ігар Барысаў, кіраўнік БСДП (Грамада): “Чарнобыль – праблема палітычная. Беларусь па тэрыторыі параўнальна з Арменіяй або Грузіяй. Тут пражывае каля мільёна чалавек. Дагэтуль мы ўжываем прадукты, якія вырошчваюцца на забруджаных тэрыторыях. Наступствы дагэтуль адбіваюцца на здароўі: колькасць ракавых захворванняў з тых часоў вырасла ў 2 разы.

Ліквідатары наступстваў пазбаўлены практычна ўсіх ільготаў, гэта непараўнальна нават з Украінай, дзе ліквідатары маюць права на санаторнае лячэнне, 50% зніжкі на праезд…

Беларусі не патрэбен яшчэ адзін Чарнобыль. Яшчэ адна катастрофа ў Астраўцы паставіць крыж на існаванні усёй краіны.

І чаму не ставіцца пытанне пра кампенсацыю наступстваў з боку Расіі, пераемніцай СССР. Шкода ад ЧАЭС разлічваецца ў 235 млрд даляраў – вось яны танныя нафтадаляры.”

Выступіў Ігар Лялькоў, рух Салідарнасці “Разам!”

20:25 Павел Севярынец зачытаў рэзалюцыю Чарнобыльскага Шляху-2018, дзе прапісаны асноўныя патрабаванні да ўладаў, датычныя антыядзернай кампаніі. А  менавіта:

  • Неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС у Беларусі;
  • Адмовіцца ад ідэі будаўніцтва атамнай электрастанцыі на пляўцоўцы ў Астраўцы па расійскім праекце АЭС-2006;
  • Правесці кансультацыі пра мэтазгоднасць працягу мараторыя на будаўніцтва АЭС у Беларусі, як тое, што не адказвае інтарэсам краіны;
  • Распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага без’ядзернага развіцця Беларусі;
  • Спыніць асваенне чарнобыльскіх земляў і вытворчасць там прадуктаў харчавання;
  • Прадаставіць жыхарам забруджаных тэрыторый рэальныя альтэрнатывы перасялення;
  • Аднавіць дзеянне закона аб сацыяльнай абароне грамадзян РБ, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, прынятага яшчэ ў 1991 годзе і які забяспечваў лепшую абарону ліквідатараў і пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС;
  • Спыніць эскалацыю сацыяльнай і палітычнай напружанасці ў краіне;
  • Спыніць палітычныя рэпрэсіі, стварыўшы пляцоўку для рэальнага раўнапраўнага і сумленнага дыялогу з грамадскасцю, а таксама працуючыя механізмы для грамадзян у прыняцці рашэнняў;
  • Забяспечыць свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый;
  • Забяспечыць правядзенне свабодных і празрыстых выбараў.

На завяршэнне мітынгоўцы заспявалі гімн “Магутны Божа”.

“Сустрэнемся на Астравецкім Шляху!” – кажа Павел Севярынец. Мітынг завяршаецца запальваннем знічак і ўскладаннем кветак каля памятнага знаку.